Духоўныя ісціны і біблейскія паняцці для маленькіх. У Веткаўскім раёне рэалізуецца інавацыйны праект

З 2014 года ў Данілавіцкай пачатковай школе Веткаўскага раёна рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект духоўна­-маральнай накіраванасці. Педагогі вучаць дзяцей бачыць прыгажосць, аналізаваць свае ўчынкі, кіруючыся маральнымі крытэрыямі, расказваюць пра жыццё святых і хрысціянскае разуменне Бога. 

— У 2024 годзе завершыцца трэці інавацыйны праект, які з’яўляецца працягам папярэдніх, — расказвае дырэктар школы Ірына Міхайлаўна Скібунова. — Намі многае пройдзена: падрыхтоўчая работа з бацькамі, курсы павышэння кваліфікацыі, семінары і практыкумы з кансультантамі праекта, наладжванне супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой і інш. У нашай установе займаюцца 35 выхаванцаў дзіцячага сада, для іх арганізавана работа гуртка “Маленькі анёл”. У пачатковых класах вучацца 20 дзяцей, яны наведва­юць факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”.

Школа супрацоўнічае з храмам прыхода Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аг.Данілавічы, яго протаіерэем Андрэем Булацкім. Вучні і выхаванцы — пастаянныя наведвальнікі храма, асабліва падчас праваслаўных свят, да таго ж протаіерэй час ад часу завітвае ў школу.

Як жа данесці дзецям складаныя для іх успрымання духоўныя веды? Лепшы спосаб — суправаджаць матэрыял нагляднасцю. Таму педагогі выкарыстоўваюць лэпбукі, пазлы, кнігі з малюнкамі, слайды і фільмы, фланелеграф і тэатр ценяў, прагулкі на прыродзе, гульні (з канструктарамі, кубікамі і інш.), конкурсы, галаваломкі, загадкі, крыжаванкі, песні, выяўленчае мастацтва, паштоўкі, буклеты, а таксама супрацоўнічаюць з бацькамі. Калі галоўная задача заняткаў з дашкольнікамі — уздзейнічаць на іх пачуцці, то вучням пачатковых класаў ужо даюцца пісьмовыя і вусныя заданні.

Выхавальніца рознаўзроставай групы дзяцей 4—6 гадоў Наталля Валер’еўна Цейкіна зрабіла наглядны дапаможнік “Калядная батлейка” для расказвання біблейскай гісторыі пра Нараджэнне Хрыстова, якую суправадзіла музыкай, праглядам мультфільма. Пасля дзеці адказваюць на пытанні, а на завяршэнне тэмы на занятках па выяўленчым мастацтве ствараюць аплікацыю “Калядная зорка” і прымаюць удзел у агульна­школьным свяце.

Данілавіцкая пачатковая школа штогод прадстаўляе свой інавацыйны вопыт на раённых Пакроўскіх асветніцкіх чытаннях. За шматгадовую работу па рэалізацыі інавацыйных праектаў па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення і плённае супрацоўніцтва з БПЦ дырэктару школы І.М.Скібуновай уручана архіерэйская грамата Гомельскай епархіі.

Пры вывучэнні тэмы “Вялікдзень” арганізуецца выстава велікодных вырабаў, якія майструюць дзеці з бацькамі. Для размовы пра вялікае свята педагог рыхтуе мультымедыйную прэзентацыю, падбірае музыку. Дзеці разглядаюць сімвалы Вялікадня, працуюць з лэпбукам “Вялікдзень”, які таксама стварыла выхавальніца, з дыдактычным наглядным матэрыялам (разрэзанымі карцінкамі “Збяры велікодны куліч”, галаваломкамі “Палажы яйка ў кошык” і інш.), пазламі. Замацоўваюцца веды падчас вырабу аплікацыі “Велікоднае кураня” і на агульнашкольным свяце. Выхаванцы з задавальненнем завучва­юць словы калядных і велікодных песенек і падчас выступленняў надзяваюць элементы касцюмаў анёлаў, а таксама малююць розныя біблейскія сюжэты, рыхтуюць падарункі да Вялікадня, Каляд, Вербнай нядзелі і г.д.

Праз выхаванне казкай у дзяцей узнікае любоў да роднага дому, сям’і, дзіцячага сада, малой радзімы, да прыроды роднага краю і культурнай спадчыны свайго народа.

Настаўніца пачатковых класаў Вольга Валер’еўна Калінкова праводзіць факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”.

— Пачынаючы з 1 класа пры вывучэнні біблейскіх сюжэтаў пра стварэнне свету, першых людзей і з’яўленне зла, гісторыі Ноя, Нараджэння Хрыстова і інш. мы з вучнямі чытаем дзіцячую Біблію, глядзім мульт­фільмы “Гісторыі Старога Запавету”, “Гісторыі Новага Запавету”, — адзначае педагог. — А каб дзеці адчулі сябе героямі падзей, выкарыстоўваю фланелеграф, тэатр ценяў, дзе з дапамогай плоскасных фігур мы разыгрываем біблейскія гісторыі.

Вучыць духоўным ісцінам і тлумачыць абстрактныя біблейскія паняцці можна, выкарыстоўваючы добра вядомыя рэчы. Каб сфарміраваць у дзяцей уяўленне аб жыцці святога праведнага Майсея і даць агульнае паняцце аб дзесяці запаведзях Божых, я ўзяла празрысты парасон з фігурай святога, да якога прымацавала выявы “бясцэнных каменных скрыжаляў”, на якіх занатаваны 10 запаведзей.

Тлумачу іх сэнс, гавару дзецям, што Бог вучыць нас рабіць толькі добрае і не ра­біць дрэннае. Вучні дапаўня­юць мяне, і ўсе разам мы робім выснову, што запаведзі патрэбны для таго, каб паміж людзьмі былі мір і згода, каб людзі жылі шчасліва.

Пры знаёмстве з 12 вучнямі Хрыста, выбранымі Ім для пропаведзі Евангелля, наглядным сродкам служыць невялікі круглы рухомы выраб і гаспадарчыя драўляныя прышчэпкі, на якіх дзеці пішуць 12 імёнаў. Пры разглядзе паняцця “брыдкаслоўе” на дошцы запісваецца пачатак прыказкі “Слова не верабей…”, а дзеці яе працягваюць. Настаўніца прапаноўвае вучням выціснуць зубную пасту з цюбіка — усю, без астатку, а пасля паспрабаваць вярнуць яе назад, што, натуральна, не атрымаецца. Мараль такая: як толькі слова вылецела, яго ўжо не вярнуць назад. Трэба быць вельмі акуратнымі, бо мы можам пашкадаваць аб сказаным.

Каб растлумачыць, што такое дух і душа, Вольга Валер’еўна выкарыстоўвае выразаныя фігуркі. Напрыклад, фігурка з празрыстага пластыку сімвалізуе дух, з напаўпразрыстага фетру — душу, з паперы — цела. Падкладваецца капірка, і на паперы штосьці ­пішацца, для таго каб пака­заць: усё, што робіцца з нашай душой, адлюстроўваецца на целе (на сэрцы).

Педагог дае дзецям пісьмовыя заданні (рабочыя лісты, раздатачныя карткі) для паведамлення інфармацыі, апісання пачуццяў і выказвання ідэй, прапаноўвае гульні са словамі (крыжаванкі). Эфектыўны спосаб паўтарэння або запамінання біблейскага матэрыялу — гульня на ліпучках “Дванадзясятыя святы”, пазлы, заданні, у якіх трэба ўставіць прапушчаныя словы, размясціць інфармацыю ў вызначаным парадку, праваслаўныя загадкі. Напрыклад, адгадайце, пра што ідзе размова: “Жывы нежывога б’е, той ва ўсю сілу раве, склікае ў храм народ” (адказ — звон), а побач змешчана карцінка з выявай чалавека, які б’е ў звон.

На магнітную школьную дошку педагог мацуе тэматычны наглядны матэрыял: схематычныя карткі-палоскі са словамі, гексы, малюнкі, плакаты і г.д. Вольга Валер’еўна выкарыстоўвае друкаваную прадукцыю па праваслаўнай культуры (кнігі, азбуку-размалёўку, адвент-каляндар, пазлы).

— Але ўсе дапаможнікі, ілюстрацыі служаць не для забавы, а для ўмацавання веры дзяцей, — адзначае педагог. — Самыя лепшыя дапаможнікі не прынясуць карысці, калі размовы на біблейскія тэмы будуць дрэнна падрыхтаваны, яны павінны пранізваць усе заняткі.

Па матэрыялах nastgaz.by