Чаму ў Дараўскай школе айца Іаана Ніканчука называюць пазаштатным настаўнікам?

У загаловак нататак вынесены словы, пачутыя мной у Дараўскай сярэдняй школе, што ў Ляхавіцкім раёне. Там працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-­маральным выхаванні. У тым, што цэнтр паспяхова развіваецца, вялікая заслуга як настаўнікаў, так і мясцовага праваслаўнага святара, бацькі аднаго з вучняў.

Па справах пазнаём іх…

Узнагароджанне пераможцаў алімпіяды ў гонар Нараджэння Хрыстова. Дараўская школа, 2024 г.

Калі дырэктар школы Таццяна Жучэня і яе намеснік па вучэбнай рабоце кіраўнік цэнтра Святлана Бірукова расказвалі пра гэты праект, яны не раз добрым словам згадвалі айца Іаана Ніканчука. Настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца служыць у Дараве з 2011 года, і пры ім дзесяць гадоў назад у прыходзе была ўзве­дзена і асвечана адноўленая Свята-Троіцкая царква. З мясцовай школай з самага пачатку служэння ў Ляхавіцкім раёне ў святара склаліся цесныя зносіны. Ён гутарыць са школьнікамі на жыццёвыя тэмы, займальна расказвае пра мясцовую гісторыю, вядомых людзей. З ім могуць параіцца па розных пытаннях як вучні, у тым ліку на класных гадзінах, так і бацькі, настаўнікі: такія сустрэчы таксама ладзяцца. А калі адкрыўся раённы цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, святар шмат сіл прыкладае, каб ён развіваўся. Так што азначэнне “пазаштатны настаўнік айцец Іаан” — гэта якраз пра яго.

У цэнтры мы разважалі пра тое, што, безумоўна, духоўна-патрыятычнае выхаванне ў школах не варта абмяжоўваць кантактамі са святарамі, прадстаўнікамі царквы, бо ёсць у нас і традыцыі народнай культуры: абрады, звычаі, казкі, песні, прыказкі ды прымаўкі, розныя рамёствы ўрэшце. І будзе нелагічным марнатраўствам захоўваць іх толькі ў архівах ці музеях — іх варта зберагаць і ў сэрцах, у школьным жыцці, вывучаць. Гэты каштоўны рэсурс нашай гістарычнай памяці трэба ў поўнай меры выкарыс­тоўваць у выхаваўчай рабоце са школьнікамі з улікам, вядома ж, мясцовых традыцый.

Мы ўсе не вечныя…

У ходзе размовы я спытаў пра макеты храмаў, якія ўпрыгожва­юць памяшканне цэнтра, і даведаўся: менавіта дзякуючы святару яны трапілі ў школу. Макеты перадаў царкве ў дар адзін з прыха­джан, іх для экспанавання ў цэнтры падрамантавалі, паднавілі. Айцец Іаан прапанаваў зрабіць пад кожны макет асобную падстаўку-палічку. Сам жа іх і змайстраваў, прычым кожную дастасаваў да макета, прымацаваў на сцяну. Дык што: ён яшчэ і сталяр?

На маё пытанне, заўважыў, хітравата ўсміхнулася Вольга Іванаўна Бурак: яшчэ дырэктарам Жарабковіцкай школы яна пазнаёмілася з айцом Іаанам, а цяпер узначальвае аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама. Пазней яна расказала, што айцец Іаан — чалавек вельмі кантактны, з пачуццём гумару, да таго ж удумлівы, праніклівы суразмоўнік. Таму, пэўна, лёгка яму знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі. Неяк для раённага актыву ла­дзіўся ў Дараве семінар, і тады святар звярнуўся да Вольгі Іванаўны: “Тут у мяне ў царкве аднапакаёвая кватэрка ёсць… Хочаце паглядзець?” Якая, падумала яна, кватэрка ў царкве? Заінтрыгаваў… Павёў паказаць. І яна ўбачыла… новенькую труну. Крыху разгубілася нават, а святар ёй з усмешкай патлумачыў, што ў лю­дзей звычайна вельмі шмат розных амбіцый, планаў і жаданняў, але ж усім варта памятаць: у гэтым свеце мы ўсе не вечныя…

І ўсё ж, пакуль мы на гэтай зямлі, думаём і пра перспектывы. Казала пра тое і Святлана Бірукова: пра пашырэнне і паглыбленне таго, што зроблена ў цэнтры ў мінулыя гады.

Дзяцей, на шчасце, на занятках не становіцца менш, і яны рознага ўзросту, бываюць нават вучні 2—3 класаў. З улікам гэтага і арганізоўваюцца заняткі: каб усім было цікава і знайшлося што рабіць.

“Гэта сістэмная работа, — адзначыла Святлана Бірукова, — прычым новыя формы яе і віды мы дадаём штогод. Скажам, выкарыстоўваем відэа, робім інсцэніроўкі, у тым ліку па фрагментах мастацкіх твораў. А два гады назад прапанавалі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама правесці на базе нашага цэнтра мерапрыемства для дзяцей, якія стаяць у іх на розных відах уліку за правапарушэнні. І ўсё прайшло як мае быць. Прысутнічалі прадстаўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, гучалі розныя выступленні, разглядаліся і аналізаваліся жыццёвыя сітуацыі. Гэта была прафілактычная частка. А потым наш айцец Іаан, а таксама інспектары пера­апрануліся ў спартыўную форму і са сваімі падапечнымі разам гулялі ў спартзале ў футбол. Думаю, такая сустрэча была ўсім на карысць”.

У гасцях у святара

Пазней мы наведаліся да айца Іаана і ўбачылі пры новай царкве каркас будучай невялічкай будыніны. Святар патлумачыў: “Сталярную майстэрню робім”. Я згадаў і палічкі ў школе, і “аднапакаёвую кватэрку”… Ёсць што майстраваць і ёсць каму пера­даць рамяство: школьнікі часта наведваюцца ў гістарычнае месца, асаб­ліва ўлетку. Там толькі капні… Знойдзены ўжо звесткі пра мясцовыя храмы, і адноўленая ў наш час Свята-Троіцкая царква, аказваецца, была ўзведзена яшчэ ў 1550 годзе і называлася манас­тырскай. А гэта ёсць падказка пра яшчэ больш даўняе існаванне Свята-Троіцкага манастыра.

Пра гэта мы гаварылі, калі ва ўтульным, новым прыходскім доме (дзе ўсё зроблена ў вясковым этнастылі) пілі духмяную гарбату з мясцовых зёлак: ліпавы цвет, чабор, мята, зверабой. Скрынкі з тымі зёлкамі стаяць-пахнуць адкрытыя, прама на палічках. У цёплым паветры — прыемны водар ладану і воску: айцец Іаан сам робіць пахкія свечкі ды нам па жменьцы падарыў. Лаўкі, стол змайстраваны з моцных адпаліраваных камлёў натуральнага дрэва, і да напаленай печкі-грубкі з чырвонай цэглы так прыемна прыхінуцца з марозу…

Па ўладкаванасці дома-“церамка” можна меркаваць, што ў Івана Іванавіча Ніканчука родавыя карані вясковыя. Так і ёсць! Прычым ён з Палесся, па бацьку — са Століншчыны, з вёскі Велямічы, якая, кажа з гордасцю, не чужая і для мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веньяміна: там жыла яго бабуля, малым яшчэ далучала ўнука з Лунінца да хрысціянскай веры. А нашаму суразмоўніку благаславенне на шлях святарства і хрысціянскага служэння ў свой час даў архі­епіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, вядомы царкоўны дзеяч, якога не стала ў 2022 годзе.

Айцец Іаан гаворыць пра тое, што дараўскі вопыт работы стаў магчымы найперш дзякуючы супрацоўніцтву дзяржавы і царквы.

Ды і мітрапаліт Веньямін — чалавек вельмі адукаваны, рупіцца пра духоўнае выхаванне моладзі, у агульнаадукацыйных школах, ліцэях, каледжах, ня­дзельных школах вядзецца такая работа.

“Міласцю Божай дамоўлена ўсё ў вярхах — і нам прасцей да яе падключацца, — падкрэсліў айцец Іаан. — Цыркуляры зверху ідуць на аблвыканкамы і епархіі, далей — на райвыканкамы і благачынні, а мы ўжо рухаем справы паміж прыходам і ўстановай адукацыі. Мы проста рэалізуем больш высокія планы і, вядома ж, у залежнасці ад асаблівасцей светапогляду дзяцей, мясцовых умоў карэктывы ўносім. Скажам, з нашых мясцін быў родам святы Серафім Жыровіцкі (у жыцці Шахмуць, родам з Вялікага Падлесся). Разам з Ігнатам Кударэнкам яны адкрывалі храмы падчас вайны на тэрыторыі Усходняй Беларусі — каля 80 храмаў у 1944 годзе! Сапраўдны подзвіг, пра які варта ведаць, адзначаючы 80-годдзе вызвалення Беларусі. Мы пра гэтага святога расказваем. Хаця ў праграме ён і не прапісаны: там больш увагі ўдзелена Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму”.

Далей айцец Іаан прыгадаў пра свайго даўняга папярэдніка святара Іаана Міткевіча, які ў Дараве служыў да рэвалюцыі 52 гады і пахаваны за алтаром дараўскай царквы: “Менавіта пры ім была заснавана Дараўская школа — у 1862 годзе, і больш за 30 гадоў айцец Іаан выкладаў там Закон Божы. У яго асабістай справе шмат узнагародных лістоў, па лініі Міністэрства адукацыі ў тым ліку. Святар Міткевіч шмат зрабіў для пашырэння асветы і ў навакольных вёсках. Ужо тады, па сутнасці, там былі закладзены асновы хрысціянскай адукацыі. Потым быў час, калі пра Бога, рэлігію, веру ў савецкіх школах увогуле не гаварылі. А цяпер прыйшоў час, як кажуць, збіраць камяні. У нас ёсць магчымасць гава­рыць з дзецьмі пра духоўнасць, маральнасць. І мінулы досвед асветнікаў-святароў нам у гэтай справе дапамагае”.

Некаторыя з тых, хто займаецца ў цэнтры, і ў нашу нядзельную школу ходзяць, і ў храм. Самыя патаемныя пытанні мы з імі абмяркоўваем на споведзі. Пра многае ўсе разам разважаем. Яны ўжо самі цікавяцца мясцовай гісторыяй. Дарэчы, ёсць цікавыя дакументы, дасканала не вывучаныя, — гэтым плануем заняцца. Дзецям, якія заканчваюць нядзельную школу, гадоў па 13. Мы з імі кожны месяц збіраемся, шмат расказваю ім пра мясцовую гісторыю. Тут у нас Свята-Троіцкі храм, а на могілках непадалёк — Свята-Мікольскі, у ім ёсць невялікі музей. Гэтаму храму 10 гадоў, і гэта пятая пабудова на тым жа месцы — з часоў манастыра. Тут усюды пад нагамі гісторыя…

Не проста настаўнік — сябар

Цікава было пачуць ад айца Іаана, як ён стаў пазаштатным нас­таўнікам. Ён з усмешкай успрымае такую характарыстыку. Прыгадвае, што сам быў тады маладзейшы, у школу прыходзіў часта: у спартзале з мясцовымі хлопцамі гулялі ў футбол, валейбол, а таксама ў шашкі, шахматы. Яго пачалі запрашаць на ўрокі, на размовы.

Айцец Іаан: «Мы ўвесь час працуем з дзецьмі, сістэмна. Улетку, напрыклад, іх тут асабліва шмат. Ладзім пры храме працоўныя талокі, зносіны. Бывае, з раніцы да вечара я разам з імі: крыху папрацуем, пра нешта пагаворым, пагуляем… Улетку чатыры тыдні прыходзілі сюды больш за 130 дзяцей. Для іх ёсць пасільная праца: на зямлі з раслінамі, кветкамі ці штосьці падфарбаваць».

“А яшчэ штогод мы як мінімум 3—4 вандроўкі ладзілі: пазнавальныя экскурсіі па ўсёй краіне. Многія замкі Беларусі наведалі, а таксама музеі, манастыры: Полацкі, у Жыровіцах. Ехала звычайна чалавек дзевяць, я браў мікрааўтобус — сам за вадзіцеля, адзін настаўнік і школьнікі. Буйніцкае поле, Хатынь, Дальва, Брэсцкая крэпасць-герой, Курган Славы — усюды пабывалі. Ездзілі ў Тураў, заязджалі ў Мікашэвічы на каменяломні, усе абласныя гарады наведалі, а ў іх — розныя гістарычныя, культурныя, проста пазнавальныя месцы. Вось і нядаўна з сямікласнікамі ў Сынкавічы ездзілі, потым у Гродна: Каложскую царкву наведалі, Пакроўскі сабор, а потым пайшлі ў заапарк. Мне самому такія паездкі падабаюцца, да таго ж і мой сын Іван у 7 клас ходзіць, яму 13 гадоў. Так што, калі падсумаваць, раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні стаў лагічным працягам, развіццём усёй гэтай работы ў большым маштабе”, — завяршыў размову айцец Іаан.

Па матэрыялах nastgaz.by
Фота з архіва Дараўскай школы