У праваслаўным кутку дзіцячага сада № 1 Нароўлі, аформленым у выглядзе інтэр’ера храма, малышоў знаёмяць з царкоўнымі святамі, праводзяць гутаркі пра сямейныя каштоўнасці, традыцыі беларускага народа.
“Дзіцячы храм” у садзе з’явіўся падчас рэалізацыі сумеснага з Беларускай Праваслаўнай Царквой праекта па духоўна-маральным выхаванні малышоў.
— Наша галоўная мэта — навучыць дзяцей шчырым і добрым узаемаадносінам на падставе праваслаўных каштоўнасцей і беларускіх традыцый, — тлумачыць загадчыца дзіцячага сада Галіна Чуракова. — У рэалізацыі гэтай задумы ўдзельнічалі Тураўская епархія, мясцовы храм Святога апостала Іаана Багаслова, Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей, раённы аддзел адукацыі і Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Наталля Бондар з малышамі
Хаця сам праект ужо завяршыўся, бо быў разлічаны на 2019—2024 гады, работа ў гэтым кірунку працягваецца.
— На базе сада дзейнічае цэнтр духоўна-маральнага выхавання, — адзначае Галіна Мікалаеўна. — Тут абсталяваны іканастас і зроблены аналой, сабрана вялікая база метадычных матэрыялаў, дыдактычных і сюжэтна-ролевых гульняў на хрысціянскую тэматыку.
На занятках па тэме “Сям’я, радасць мая” выхаванцы знаёмяцца з сямейнымі традыцыямі і звычаямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
— Хрысціянская любоў пачынаецца з роднага дома, а потым пашыраецца на блізкіх і ўсіх іншых, — працягвае Галіна Чуракова. — Таму першым крокам на гэтым шляху з’яўляецца выхаванне любові да маці. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі чытаем казкі, ладзім гутаркі “Няма мілейшага дружка, чым родная матуля” або “Раскажы пра сваю маму”.
На духоўных сустрэчах святары ў даступнай для дзяцей форме расказваюць пра зямную і нябесную любоў, раскрываюць сэнс вобразаў на іконах Найсвяцейшай Багародзіцы. А да свят Раства, Вялікадня і 8 Сакавіка выхаванцы вучаць вершы і сваімі рукамі майструюць падарункі для мам і бабуль.
Шмат увагі ўдзяляюць краязнаўству. Малышоў знаёмяць з гісторыяй Нароўлі, архітэктурнымі помнікамі, святымі і памятнымі мясцінамі.
Асобнае месца ў праграме адведзена жыццёваму шляху знакамітых людзей Беларусі і выдатных духоўных падзвіжнікаў, сярод якіх — Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сергій Раданежскі, іншыя славутыя асобы.
Час ад часу выхаванцы бываюць на экскурсіях у мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі і цэнтры рамёстваў, а таксама наведваюць гісторыка-краязнаўчы музей, створаны на базе сярэдняй школы № 2 Нароўлі. На занятках па тэме “Падарожжа ў мінулае” дзеці знаёмяцца з традыцыямі і ўкладам жыцця беларускага народа, побытам, асаблівасцямі мужчынскай і жаночай хатняй працы, а таксама з тым, як продкі рыхтаваліся да вялікіх свят і адзначалі іх. Выконваючы розныя заданні, хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць тэхнікі рукадзелля і мастацкай творчасці. Гэтаму кірунку спрыяе створаны ў садзе міні-музей “Спадчына”.
— Дзіцячыя ўспаміны — самыя яркія і трывалыя, — упэўнена Галіна Чуракова. — Чым больш дзіця з самага маленства будзе ведаць пра сваю Радзіму, тым бліжэй і радней яна стане для яго ў будучыні. А духоўна-маральнае выхаванне абавязкова дапаможа праявіць найлепшыя чалавечыя якасці нават у самых складаных жыццёвых сітуацыях.
Па матэрыялах «Настаўніцкай газеты»
