Як падлеткам дапамагаюць знайсці жыццёвую апору ў цэнтры «Фрэскі» сярэдняй школы № 135 Мінска

Выхаваўча­-адукацыйны цэнтр “Фрэскі” дзейнічае ў сярэдняй школе № 135 імя В.І.Воранава Мінска. Тут праз духоўна-­маральнае выхаванне падрастаючае пакаленне фарміруе свой погляд на навакольны свет. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У Заводскім раёне мы першыя, хто звярнуўся да гэтага напрамку. У 2020 годзе падпіса­лі пагадненне з Беларускай Праваслаўнай Царквой і парафіяй храма Святога Вялікапакутніка Георгія Перамаганосца. Канечне, сёння ўжо нікога не здзівіш супрацоўніцтвам устаноў адукацыі і БПЦ. Але наша адрозненне ў тым, што ў штаце школы як педагог дадатковай адукацыі лічыцца іерэй царквы ў гонар Мінскай Іконы Божай Маці, старшыня маладзёжнага аддзела Мінскай епархіі і намеснік старшыні Сінадальнага аддзела БПЦ па справах моладзі Міхаіл Стрэха, — паведаміла дырэктар школы Вікторыя Віктараўна Крупень.

Па яе словах, вучні давяраюць айцу Міхаілу і прыходзяць да яго пагаварыць, расказаць пра тое, што непакоіць, параіцца, як быць. Яму заўсёды ўдаецца знайсці неабходныя і важныя словы падтрымкі. Журналісты і самі ў гэтым пераканаліся на занятках з элементамі трэнінгу “Жыццё як бясцэнны дар”. Правёў іх Міхаіл Аляксанд­равіч разам з педагогам-псіхолагам школы № 135 Норай Капуза ў рамках праекта “МинскаяШколаВместе#БезОбид”. Між іншым гэты праект аб’ядноўвае дзяцей, педагогаў і бацькоў вакол ідэі павагі, узаемадапамогі і бяспечнай школьнай прасторы. Педагогі разам з падлеткамі абмеркавалі розныя віды булінгу і некалькі сітуацый, звязаных з ім. Завяршыліся заняткі нагадваннем, як паводзіць сябе ў крызісных сітуацыях.

— Мы яшчэ раз прагаварылі, што чалавечае жыццё — найвялікшая каш­тоўнасць, якая патрабуе павагі, беражлівых адносін і ўсвядомленага выбару. Дзеці разважалі пра сілу дабрыні, адказнасці за свае ўчынкі, уменні чуць і падтрымліваць адно аднаго. Праз жывы дыялог, практыкаванні і элементы трэнінгу школьнікі вучыліся разумець свае эмоцыі, гаварыць пра важнае і бачыць у кожным чалавеку ўнікальнасць, — па­тлумачыла Нора Ула­дзіміраўна.

Сучасная школа — не проста месца атрымання ведаў, а і прастора для фарміравання асобы. Цэнтр “Фрэскі” вельмі спрыяе гэтаму, бо паказвае, што адукацыя немагчыма без выхавання душы, і дапамагае фарміраваць пакаленне думаючых, спачуваючых і адказных людзей.

Дарэчы, “Фрэскі” — гэта рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні ўсяго Заводскага раёна. Ён аказ­вае метадычную дапамогу педагогам і арганізоўвае розныя мерапрыемствы. Нагадаем, фрэска — старажытная тэхніка жывапісу, якая патрабуе не толькі майстэрства, але і ўдумлівасці. Стваральнікі цэнтра далі такую назву, каб падкрэсліць яго місію: дапамагчы школьнікам знайсці апору ў традыцыйных духоўных і культурных каштоўнасцях.