У сярэдняй школе № 3 Жабінкі наладжана сістэмнае і плённае супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Дырэктар установы Ірына Раманюк расказала, што ўзаемадзеянне педагогаў і святароў накіравана на вырашэнне найважнейшай задачы — фарміраванне ў навучэнцаў маральных каштоўнасцей, пачуцця адказнасці за свае ўчынкі і любові да роднай зямлі.

У межах рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Істная часта арганізуе сустрэчы з благачынным цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцелем храмаў Свяціцеля Кірыла Тураўскага і Пакрова Прасвятой Багародзіцы Жабінкі, протаіерэем Сергіем Петрусевічам. Як правіла, на сустрэчы педагог запрашае навучэнцаў 10 класа:
— Асноўным падчас апошняй размовы было глыбокае выслоўе выбітнага беларускага асветніка XII стагоддзя Кірылы Тураўскага “Розум без пабожнасці — як сляпы без павадыра”. Айцец Сергій дапамог старшакласнікам суаднесці старажытную мудрасць з рэаліямі XXI стагоддзя. У эпоху імклівага развіцця тэхналогій, штучнага інтэлекту і лічбавізацыі пытанне аб тым, наколькі розум чалавека з’яўляецца відушчым, гучыць асабліва востра.
Протаіерэй падкрэсліў, што інтэлект — гэта наймагутнейшы інструмент, але без маральнага павадыра ў выглядзе сумлення, веры і міласэрнасці веды могуць стаць разбуральнымі:
— Бліскучыя кампетэнцыі ўрача, інжынера або праграміста могуць быць небяспечнымі для грамадства, калі іх сэрца застаецца эгаістычным і глухім да чужой бяды.

Фармат адкрытага дыялогу дазволіў навучэнцам выйсці за межы стандартных пытанняў. Дзесяцікласнікі цікавіліся не толькі духоўнымі аспектамі жыцця, але і звычайнымі праблемамі, якія для іх актуальныя: як пераадолець панічны страх перад экзаменамі, як знайсці сваё сапраўднае прызванне і дзе ўзяць сілы, каб супрацьстаяць несправядлівасці ў падлеткавым асяроддзі. На кожнае пытанне вучні атрымалі аргументаваны і шчыры адказ.
— Такія сустрэчы маюць каласальны выхаваўчы эфект, — упэўнена дырэктар школы. — Яны дапамагаюць падлеткам у перыяд іх маральнага станаўлення знайсці правільныя арыенціры, вучаць крытычна думаць і ствараць.
Па матэрыялах «Настаўніцкай газеты»
