Пра цікавыя праекты, якія рэалізуюцца ў Ельскай раённай гімназіі, расказалі дырэктар Наталля Ключынская і кіраўнік рэсурснага цэнтра “Маральнае развіццё вучняў у сучасным адукацыйным асяроддзі” настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Казак.
— Адкрыццё ў 2021 годзе рэсурснага цэнтра як інфармацыйна-метадычнай базы гімназіі ў кірунку духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў стала вынікам рэалізацыі двух рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, — расказала Наталля Ключынская. — З распрацоўкамі нашых педагогаў можна азнаёміцца на сайце ўстановы ў раздзеле “Рэсурсны цэнтр”. Многім цікавы метадычны рэсурс “Душа па кроплі збірае святло…”, дзе прадстаўлены сцэнарыі тэматычных мерапрыемстваў, урокаў, экскурсій, матэрыялы для класных гадзін, алімпіяд, краязнаўчых турніраў і інтэлектуальных гульняў, медыятэка і бібліятэка.
З 2011 года ў гімназіі праходзяць Свята-Іаанаўскія чытанні “Вечныя каштоўнасці” — ініцыятыва, якая ўжо выйшла за рамкі Ельскага раёна.

— Навучэнцы праяўляюць сябе ў конкурсах вучэбна-даследчых і творчых работ (эсэ, сачыненняў, вершаў), прамоўніцкага майстэрства, знаўцаў асноў праваслаўнай культуры, тэматычных прэзентацый і фотапраектаў, — адзначыла Любоў Казак. — Падчас чытанняў арганізоўваюцца інтэлектуальныя гульні “Беларусь гістарычная. Беларусь праваслаўная”, алімпіяда “Духоўнасць і патрыятызм”, інтэлектуальна-краязнаўчы турнір “Радзіма ад А да Я”, сямейная гульня “Вытокі”. Традыцыйнымі сталі сустрэчы-дыялогі, прысвечаныя пытанням выхавання, з удзелам бацькоў гімназістаў, прадстаўнікоў Тураўскай епархіі, аддзела адукацыі, прадпрыемстваў і школ раёна. Да Свята-Іаанаўскіх чытанняў у апошнія гады далучыліся прадстаўнікі гімназій і школ Лунінца, Калінкавіч, Хойнікаў, Мазыра, Нароўлі, Лельчыц.
Калектыў Ельскай раённай гімназіі таксама праводзіць Пакроўскія адукацыйныя чытанні, Калядныя сустрэчы, удзельнічае ў гісторыка-філалагічных чытаннях памяці беларускага вучонага Мікалая Анцукевіча на базе гімназіі Лунінца.
У 2025 годзе ў гімназіі распачалі рэалізацыю чарговага інавацыйнага праекта, разлічанага да 2029 года, “Укараненне вучэбна-метадычнага забеспячэння выкладання факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” ў 5—9 класах”.
— У рамках праекта кожны педагог працуе над пэўным практычным заданнем, — працягнула дырэктар. — Так, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Далінская рыхтуе кнігу “Прыгажосць духоўнасці Ельскага раёна”, настаўніца геаграфіі Святлана Сідоранка стварае інтэрактыўную карту месцаў памяці Гомельшчыны, настаўніца гісторыі Юлія Новак распрацоўвае зборнік заданняў для гульні “100 і 1 пытанне аб Беларусі”, настаўніца інфарматыкі Наталля Рынгоўская працуе над вэб-сайтам “Гістарычныя і культурныя помнікі Рэспублікі Беларусь”, а настаўніца англійскай мовы Марына Канавод збірае матэрыялы аб месцах баявой славы.
У верасні 2024 года Ельскай раённай гімназіі быў прысвоены статус “Школа міру”. Ва ўстанове створана 5 атрадаў юных міратворцаў, у якія ўваходзяць 93 навучэнцы.

— Ужо ў лістападзе таго ж года ў дзень памяці Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі, імя якога носіць піянерская дружына гімназіі, у нас стартаваў маштабны праект “Рака Памяці”, — расказала Наталля Іванаўна. — У выніку з’явілася аднайменная інтэрактыўная платформа, дзе сабраны гісторыі пра ўдзельнікаў вайны — сваякоў нашых педагогаў і навучэнцаў. На сёння гэта 260 аповедаў з фотаздымкамі. Кожны клас аформіў альбом “Лёс маёй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны” як нагляднае ўвасабленне ідэі: з маленькага вытоку — сям’і — да вялікай ракі Памяці.

У раздзеле “Цячэ і цячэ рака Памяці” інтэрактыўнай платформы размешчана галерэя партрэтаў сваякоў педагогаў і вучняў, пра якіх удалося адшукаць звесткі. У Ельскай раённай гімназіі з 2015 года рэалізуецца праект “Жывыя галасы сведкаў вайны”. Гімназісты яшчэ паспелі з першых вуснаў ад ветэранаў Ельшчыны сабраць успаміны, запісаць відэасведчанні аб іх подзвігах, пажаданні, разважанні, жыццёвыя правілы, якія ўвайшлі ў раздзел “Урокі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”. Ёсць тут і зварот да моладзі ганаровага грамадзяніна Ельска Міхаіла Іосіфавіча Гусачэнкі. Сёння, калі ў Ельску не засталося ніводнага ветэрана, такія запісы набываюць асаблівую каштоўнасць.
Асобны раздзел знаёміць з гісторыяй вуліц Ельска. У іх ліку тыя, што названы ў гонар Герояў Савецкага Саюза: лётчыка-касманаўта Уладзіміра Камарова, ваеначальніка Канстанціна Ракасоўскага, памочніка камандзіра ўзвода аўтаматчыкаў Паўла Таміліна, які загінуў у баі за Ельск, чэхаславацкага афіцэра Яна Налепкі і г.д. У холе другога паверха гімназіі размясцілася галерэя з іх партрэтамі, а побач — QR-коды з інфармацыяй.
На інтэрактыўнай платформе “Рака Памяці” прадстаўлены творчыя работы навучэнцаў — сачыненні, вершы, эсэ. Тут жа і калектыўны праект класа юных міратворцаў — “Сямейны альбом. Вялікай Перамозе прысвячаецца” і адсылка да блога “Шлях журналіста. Дарогамі Памяці і Перамогі” на YouTube, які вядзе выпускнік гімназіі член клуба “Юны журналіст” пры раённай газеце Кірыл Салаўёў. Яго матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца педагогамі на класных гадзінах і пазакласных мерапрыемствах.
Летась напярэдадні Дня Перамогі юныя міратворцы Ельскай раённай гімназіі разам з выпускнікамі 1975 года высадзілі туі на тэрыторыі ўстановы каля абноўленага помніка вучням і настаўнікам, што загінулі ў гады вайны. Калектыўнымі намаганнямі тут усталявалі мемарыяльныя пліты з імёнамі 11 вучняў і 5 педагогаў.
А ў рамках праекта “Рака Памяці” ў гімназіі распрацавалі экскурсійны маршрут “Дарогамі вайны” і Кнігу Памяці. У Ельскім раёне фашысты цалкам спалілі 56 вёсак, 12 — часткова. Сімвалам трагедыі беларускага народа сталі вёскі Копанка, Забалацце, Круглае, якія былі спалены разам з мірным насельніцтвам, а таксама вёска Жукі, дзе карнікі расстралялі больш за 3,5 тысячы чалавек.
— Сёлета ў планах юных міратворцаў — рэалізаваць праект да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС аб адселеных вёсках і лёсе іх жыхароў, — адзначыла Наталля Іванаўна. — Нагадаем, што ў Ельску ёсць мемарыяльны комплекс “Ахвярам ХХ стагоддзя”, у аснове якога — скульптура маці, што схілілася над салдацкай каскай, прабітай куляй. Па абодва бакі скульптуры — мемарыяльныя пліты з назвамі спаленых фашыстамі вёсак і адселеных у выніку катастрофы на ЧАЭС васьмі населеных пунктаў.
Па матэрыялах партала nastgaz.by
