Для таго каб выхаванне дзяцей прыносіла яшчэ большы плён, педагогі сярэдняй школы № 24 Барысава далучылі да гэтай работы не толькі бацькоў: ужо больш як 20 гадоў асветай школьнікаў займаюцца служыцелі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Пытанні святару
Сярэдняя школа № 24 Барысава стала першай у краіне, дзе ў 2001 годзе пачалося ўзаемадзеянне з царквой. Ужо праз год, як расказала дырэктар установы Таццяна Пракапенкава, яны рэалізавалі першы інавацыйны праект па духоўна-маральным выхаванні:
— Акрамя таго, што працавалі як педагогі, у праекце мы выступалі і як метадысты факультатыўнага курса “Асновы праваслаўнай культуры”. Да мінулага года гэты курс выкладаўся ва ўсіх 1-х і 4-х класах і быў абавязковым. Сёння мы як рэсурсны цэнтр Мінскай вобласці па духоўна-маральным выхаванні на праваслаўных традыцыях беларускага народа рэалізуем ужо дзясяты па ліку інавацыйны праект.

Для навучэнцаў 5—7 класаў у школе прадугледжаны факультатыў “Духоўнасць і патрыятызм”, які распрацаваны сумесна з протаіерэем Фёдарам Поўным. У аснову заняткаў пакладзены матэрыялы, падрыхтаваныя і сабраныя настаўнікамі сярэдняй школы № 24 Барысава. Таццяна Пракапенкава звярнула ўвагу, што для малодшых школьнікаў таксама прадумана асобная праграма, ім выкладаюцца факультатывы “Азбука маральнасці” і “Сем “Я”. Іх выкладае педагог-псіхолаг Марыя Саракун. Для таго каб наладзіць узаемадзеянне з сям’ёй, Марыя Мікалаеўна стварыла ў школе сямейны клуб праваслаўнага кірунку “Сланечнік”.
— У гэтым напрамку мы актыўна супрацоўнічаем з Барысаўскай епархіяй, — дадае Марыя Саракун. — Уладыка Амвросій далучаецца да мерапрыемстваў, якія праводзім, і гэта тычыцца не толькі духоўнага выхавання. За многімі ўстановамі адукацыі замацаваны храмы, а таксама клірыкі, з якімі актыўна супрацоўнічаем.
У адзін з чацвяргоў месяца ў сярэднюю школу № 24 Барысава на класную гадзіну ў 10—11 клас прыходзяць свяшчэннікі і праводзяць урок маральнасці. Тое, якім ён будзе, на чым расставяцца акцэнты ў размове, загадзя абмяркоўваецца з педагогамі. Яшчэ адзін цікавы фармат работы — напярэдадні падрыхтаваць для святароў пытанні, на аснове якіх яны пабудуюць наступныя сустрэчы. Улічваючы, што амаль насупраць школы знаходзіцца Князь-Уладзімірскі храм, яго настаяцель айцец Павел і клірык айцец Вадзім часта запрашаюць вучняў і педагогаў да ўзаемадзеяння. Святары прывабліваюць школьнікаў яшчэ і фарматам работы: вядуць сацыяльныя сеткі, арганізуюць стрымы.
— У храме створаны маладзёжны клуб, які з задавальненнем наведваюць нашы дзеці, — дадае Таццяна Пракапенкава. — Там праходзяць кінапаказы, абмяркоўваецца Біблія. У найбліжэйшых планах — правядзенне кірмашу на Пакроў. Раней такія мерапрыемствы праводзілі ў школе, але вырашылі змяніць фармат. Цяпер кірмашы наведваюць усе жыхары мікрараёна.
Казачны куфэрак
Дзейнасць школы ў кірунку духоўна-маральнага выхавання падтрымлівае ўвесь калектыў: прайшоўшы праз інавацыі, яны не могуць працаваць інакш — заўсёды шукаюць новыя метады і падыходы ў выкладанні. Два гады назад Таццяна Пракапенкава і яе калегі стварылі ва ўстанове адукацыі першыя інтэлектуальныя клубы.
— Адзін быў арганізаваны для навучэнцаў пачатковых класаў і называўся “Казачны куфэрак”, а другі — гэта каманда педагогаў, — працягвае дырэктар школы. — Мы разам хадзілі на квізы, якія і натхнілі на тое, каб стварыць свае інтэлектуальныя турніры. Яны павінны быць звязаны якраз з пытаннямі па праваслаўнай гісторыі, праваслаўнай дагматыцы. Першы турнір называўся “Купель”, затым з’явіліся “Элеон”, “Знаўцы праваслаўя”. Да ўдзелу ў апошнім запрасілі прадстаўнікоў іншых епархій.
Два гады назад сярэдняя школа № 24 Барысава як удзельнік Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі прапанавала правесці турнір “Знаўцы праваслаўя” на міжнародным узроўні. Ідэя спадабалася многім, і ў выніку да мерапрыемства далучыліся больш як 100 каманд з Расіі і нашай краіны. Анлайн-турнір, згодна з рэйтынгам, вызначыў 10 лепшых каманд. Хто з іх стане пераможцам, будзе вядома на пачатку лістапада: заключны этап пройдзе ў школе.
— У мінулым годзе падчас адпаведнага конкурсу Уладыка Веніямін благаславіў на наведванне нашага галоўнага сабора, Свята-Васкрасенскага, — зазначае Таццяна Мікалаеўна. — Так атрымалася, што нават інтэлектуальны конкурс у межах мерапрыемства мы ператварылі ў частку інавацыйнага праекта.
Ідэі педагогаў пастаянна знаходзяць падтрымку ў раёне. Творчы падыход, уменне зацікавіць і прыцягнуць увагу — важныя складнікі інавацыйнай работы. Да апошняй можна аднесці і раённую алімпіяду па праваслаўнай культуры. Ініцыятар яе правядзення — кіраўнік рэсурснага цэнтра Мінскай вобласці па духоўна-маральным выхаванні на праваслаўных традыцыях беларускага народа Юлія Алянішка.
— Каб прыняць удзел у алімпіядзе, да нас прыязджаюць вучні з розных школ горада. Мы заўсёды ўваходзім у склад журы школьных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў, а таксама далучаемся да штогадовых епархіяльных чытанняў, якія праводзяцца сумесна з храмам Дзмітрыя Данскога. Мы ганарымся тым, што навучэнцы з 1 па 11 клас уцягнуты ў такую работу, — адзначыла Юлія Алянішка.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Таццяна Пракапенкава расказала, што ў школе выкладаюцца і факультатыўныя заняткі музычна-эстэтычнага, харэаграфічнага кірунку.
— У нас ёсць інструментальны аркестр, — звяртае ўвагу дырэктар. — Выбар рэпертуару, песень, з якімі дзеці выступаюць, таксама накіраваны на тое, каб несці высокую духоўнасць. Нашы выпускнікі лепш разумеюць галоўныя існуючыя каштоўнасці — каштоўнасць дабра і сям’і. А сям’я — гэта месца, дзе абавязкова павінны нарадзіцца дзеці, і яны павінны быць выхаваны з пачуццём любові да сваіх бацькоў і Радзімы.
Па матэрыялах партала nastgaz.by
