Пераможца конкурсу «Кніга мне — кніга ўва мне» ў намінацыі «Драматургія»: рада, што наша з педагогам батлейка атрымала прызнанне

Важнай часткай X Беларускіх адукацыйных калядных чытанняў стала ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Кніга мне — кніга ўва мне”.

Сёлета ён праводзіўся другі раз Сінадальным аддзелам БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі сумесна з Саюзам пісьменнікаў і Выдавецкім домам “Педагагічная прэса”.

У арганізацыйны камітэт было даслана 1457 работ — гэта ў два разы больш, чым летась. Так, у намінацыі “Драматургія” было прадстаўлена 49 сцэнарыяў, у намінацыі “Малая проза” — 397 твораў, а ў “Паэзіі” — 1011 вершаў. Узрост удзельнікаў розны, сярод іх ёсць і дашкольнікі, і пенсіянеры. Паступілі нават дзве работы ад дзяцей 3 і 4 гадоў, запісаныя з дапамогай бацькоў.

Акрамя таго, удзел у конкурсе прымалі прафесійныя пісьменнікі (члены саюзаў
пісьменнікаў Беларусі і Расіі), педагогі, журналісты, дзеячы культуры, студэнты і навучэнцы, работнікі розных сфер дзейнасці, у тым ліку супрацоўнікі прамысловых прадпрыемстваў, устаноў гандлю, харчавання, аўтазаправак. Сёлета пашырылася і геаграфія ўдзельнікаў: акрамя ўсіх абласцей нашай краіны, спіс папоўнілі рэгіёны Расійскай Федэрацыі — Калінінград, Барнаул, Кубань, Масква.

Што тычыцца пераможцаў конкурсу, то, напрыклад, у намінацыі “Драматургія” сярод чатырох работ, якія занялі 1-е месца, значыцца сцэнарый батлейкі “Вера. Надзея. Любоў”. Яго аўтар — навучэнка 1 курса Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Лізавета Быкава. Дзяўчыне да конкурсу дапамагала рыхтавацца яе выкладчыца Галіна Іванаўна Сарока-Скіба.

— Было вельмі нечакана ўбачыць у спісе пераможцаў сваё імя, — прызналася Л.Быкава. — Разам з Галінай Іванаўнай мы стварылі батлейку. Я вельмі рада, што наша пастаноўка атрымала прызнанне.

Думаючы над тым, што пакласці ў аснову сюжэта, Галіна Сарока-Скіба вырашыла, што будзе не лішнім напярэдадні Каляд і Новага года яшчэ раз нагадаць усім: самае галоўнае ў свеце — гэта вера, надзея і любоў.

— Ад каледжа было 18 удзель­нікаў, — расказ­вае Галіна Іванаўна. — Усе яны першакурснікі. Мы адпраўлялі работы для ўдзелу ва ўсіх намінацыях, прадстаўленых у конкурсе, а перамаглі ў “Драматургіі”. Наша сцэнка на беларускай мове. Акрамя Веры, Надзеі і Любові, у батлейцы мы паказалі вобраз маці Софіі.

На пытанне, як заўважыць тых, хто здольны да творчасці, Галіна Сарока-Скіба адказала, што сярод першакурснікаў вызначыць такіх даволі складана, таму педагог з ахвотай далучае да сумеснай работы ўсіх навучэнцаў.

— З 2 курса ўжо бачна, хто на што здольны і ці ёсць у дзяцей творчыя задаткі, — дадае педагог. — Калядныя чытанні — гэта падзея, якую абмінуць увагай немагчыма. Таму я сказала сваім першакурснікам, што ў конкурсе будуць удзельнічаць усе без выключэння.

Па матэрыялах “Настаўніцкай газеты”