У гімназіі №3 Бабруйска імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) наладжана цеснае супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой

Гімназія — гэта не месца, дзе вучаць, а месца, дзе вучацца. Прычым не толькі дзеці, але і настаўнікі. Гэта месца, дзе падтрымліваюцца ўсе дзіцячыя ініцыятывы, нават самыя нечаканыя. Менавіта з такіх пазіцый працуюць у гімназіі № 3 Бабруйска імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). 

Гордасць праз гады

Сучасная гісторыя гімназіі № 3 Бабруйска імя мітрапаліта Філа­рэта (Вахрамеева) пачынаецца з 1993 года, калі на базе гарадской сярэдняй школы № 5 з паглыб­леным вывучэннем рускай мовы і літаратуры была створана Славянская гімназія, у якой вывучалася некалькі славянскіх моў. Гімназія захавала будынак 1906 года, дзе працавала ў тыя часы Жаночая Аляксееўская гімназія (з 1906 па 1917 год). Гэты будынак удалося аднавіць толькі пару гадоў назад, у тым ліку ўставіць вокны, раней закладзеныя цэглай. Зараз у старым будынку дзейнічае лекцыйная зала, дзе праходзяць мерапрыемствы.

— Па адной з версій, імя жаночай гімназіі ў 1906 годзе было дадзена таму, што адзін з рабочых нечакана пашкодзіў партрэт цара, і, каб папрасіць прабачэння ў гэтай сітуацыі, установе прысвоілі імя наследніка прастола царэвіча Аляксея, — расказвае мясцовую легенду Святлана Севярын, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі. — Пасля рэвалюцыі ў гімназіі быў рабфак, а потым педагагічны інстытут і пазней педтэхнікум, вучылішча.

Традыцыі якасці адукацыі мы беражліва захоўваем. У гімназіі пануе асаблівая атмасфера, якая адразу адчуваецца. Сюды ідуць вучыцца вельмі матываваныя дзеці, і кожнаму вучню хочацца адпавядаць гэтаму месцу. Місію нашай гімназіі мы з калегамі і вучнямі сфармулявалі так: “Якасць адукацыі для якасці жыцця”. Тая адукацыя, якую мы даём, павінна забяспечваць выпускнікам паспяховы старт у будучыню і дастойную якасць жыцця. Педкалектыў гімназіі практычна не мяняецца на працягу многіх гадоў, цякучасць кад­раў вельмі нізкая.

У гімназіі № 3 Бабруйска рэалізуецца шмат праектаў. Дырэктар установы Варвара Архіпенка падрабязна спыняецца на адным з самых цікавых — “Гід па Бабруйску”. У ім ёсць некалькі напрамкаў: “Бабруйск — горад пяці канфесій”, “Гісторыка-культурныя каштоўнасці Бабруйска”, “Бабруйская крэпасць”, “Прамысловы турызм”, “Гастранамічны Бабруйск”. У гімназіі працуюць над тым, каб загрузіць “Гід па Бабруйску” ў Google Play і, магчыма, на платформу Ветліва.бай. Пад праект адразу адправілі вучыцца на сертыфікаванага экскурсавода настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Івана Эдуардавіча Пясенку, зараз у гімназіі ёсць ужо і другі сертыфікаваны экскурсавод — настаўніца замежнай мовы Валерыя Мікалаеўна Балакіна.

Дырэктар гімназіі № 3 Бабруйска і яе намеснік раз-пораз падкрэсліваюць, што ўстанове шанцуе на дасведчаныя кадры. У гімназіі, дарэчы, 4 настаўнікі-метадысты: настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Ірына Віктараўна Лазаковіч і Іван Эдуардавіч Пясенка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Іванаўна Лісава і настаўніца пачатковых класаў Вікторыя Аляксееўна Грамыка. Адчуваецца, што ў гэтых сценах умеюць шанаваць педагагічную працу.

Для будучых інжынераў

Шмат увагі ў гімназіі № 3 Бабруйска ўдзяляецца рэалізацыі дзіцячых ініцыятыў, навучэнцам прадастаўляецца вельмі шмат магчымасцей для развіцця. Традыцыйнымі для гімназіі з’яўляюцца Калядныя чытанні і Асенняя сюіта — дзеці двойчы ў год могуць высту­піць са сваімі вершамі, песнямі, танцамі. Для настаўнікаў замежных моў працуе клуб “Паліглот”, ёсць таксама “Дэбат-клуб”, STEM-цэнтр, які дазваляе актыўна развіваць тэхнічную творчасць.

Варвара Архіпенка, дырэктар гімназіі № 3 Бабруйска імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), называе ІТ адным з прыярытэтных напрамкаў работы гімназіі. Працуюць аб’яднанні па інтарэсах, прычым не толькі па робататэхніцы, але і па Scratch, мадэляванні, дызайне.

— Яшчэ мы адзіная ўстанова ў горадзе, а можа, і ў краіне, дзе наладжана дапрофільная падрыхтоўка да інжынернага класа, — дзеліцца Варвара Барысаўна. — Мы ўдзельнічаем у рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Ужо ў бягучым навучальным годзе 8 клас рыхтуецца да інжынернага профілю, вывучаючы на павышаным узроўні фізіку і дадаткова праз аб’яднанні па інтарэсах матэматыку, інфарматыку. Усё гэта магчыма дзякуючы нашаму маладому педагогу Яўгену Андрэевічу Смірнову, якога мы запрасілі на работу з Цэнтра дадатковай адукацыі Бабруйска. Зараз наш настаўнік актыўна дзеліцца сваім вопытам работы на семінарах.

— Мы прыйшлі да неабходнасці адкрыцця інжынернага класа, таму што з 2019 года вельмі шчыльна працуем над укараненнем STEM-падыходу ў адукацыі, — далучаецца да калегі Святлана Віктараўна. — Наша паспяховасць у тым, што гэта не разавыя мерапрыемствы, а сістэма, дзе працуе ўвесь калектыў, у тым ліку настаўнікі гуманітарных прадметаў, якія выкарыстоўваюць міждысцыплінарны падыход.

Да ўстойлівага развіцця

Другі год гімназія з’яўляецца апорным цэнтрам па арганізацыі адукацыйных праектаў па ўстойлівым развіцці. Прычым усе праекты, якія робяць дзеці, практыка-арыентаваныя, накіраваныя на тое, каб палепшыць жыццё. Таксама гімназія ўдзельнічала ў распрацоўцы праграмы па стратэгіі ўстойлівага развіцця горада.

Дзеці, асабліва інжынерных класаў, рэалізуюць свае праекты, накіраваныя ў асноўным на доб­раўпарадкаванне тэрыторыі. Па словах дырэктара ўстановы, гімназісты мараць пра ўласную геліялабараторыю — сонечныя батарэі, каб вырабляць энергію для работы электраабсталявання хаця б аднаго паверха. Гэты праект дзеці пралічылі самі: дзе трэба ўсталяваць батарэі, колькі іх неабходна, дзе трэба размясціць лямпы, каб асвятлялася тэрыторыя гімназіі, за колькі гадоў можна акупіць выдаткі і г.д. Другі праект, над якім актыўна працуюць навучэнцы, — стварэнне робата-палацёра, які прыбірае і мые падлогу ў калідорах, пакуль вучні на ўроках. Таксама дзеці стварылі рэкуператар, каб можна было праветрываць памяшканне школьнай майстэрні. Васьмікласнікі гімназіі зараз думаюць над праектам ра­зумнага дома. Разам з дзецьмі над праектамі працуюць настаўнікі: Вольга Пятроўна Дзярновіч, Кацярына Уладзіміраўна Рыбіна, Вольга Анатольеўна Луканская, Вікторыя Сяргееўна Баркоўская, Марыя Генадзьеўна Двурэчанская.

А яшчэ дзеці працуюць над стварэннем… інкубатара. Будуць выводзіць куранят. Ім гэта цікава, а настаўнікі падтрымліваюць кожную іх ініцыятыву, каб вучні займаліся тым, што ім цікава. Цікаўлюся, які лёс спаткае куранят, выведзеных у гімназіі. Варвара Архіпенка ўпэўнена адказвае, што без “бацькоў” не застанецца нівод­нае гімназічнае кураня. Птушанят раздадуць родным, якія жывуць у вёсцы, а некаторых возьмуць на “выхаванне” настаўнікі, якія жы­вуць у прыватным сектары. Задача педагогаў — падтрымаць дзяцей, любую іх ініцыятыву, нават самую нечаканую, стварыць усе ўмовы для дзіцячай самарэалізацыі.

— Наш настаўнік фізкультуры і здароўя Ілья Львовіч Рудый з’яўляецца актыўным краязнаўцам, які прайшоў практычна ўсю Беларусь, усю Магілёўшчыну. Ра­зам з дзецьмі ён знайшоў камень, які калісьці выкапалі, калі будавалі гімназію. Мы 3 гады дабіваліся таго, каб вярнуць камень на тэрыторыю гімназіі — на падрыхтаваную для яго добраўпарадкаваную пляцоўку. Бягучай вясной камень вернецца да нас, — расказвае пра яшчэ аднаго актыўнага калегу Святлана Севярын.

У духоўным рэчышчы

З верасня мінулага года гімназія № 3 Бабруйска носіць імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Як тут прыйшлі да разумення, што ўстанова павінна насіць імя менавіта гэтага знакамітага земляка?

Як сцвярджае Варвара Архіпенка, у гімназіі з 2007 года нала­джана цеснае супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой — з Бабруйскай епархіяй. Ідзе актыўнае ўзаемадзеянне з духоўна-асветніцкім цэнтрам епархіі, на базе якога гімназісты з паралелі “Г” класаў наведваюць нядзельную школу, а таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, ездзяць на экскурсіі. Варвара Барысаўна лі­чыць гэты духоўны напрамак вельмі перспектыўным, бо без унутранага стрыжня інжынер, інфарматык і г.д. развівацца не зможа.

— Супрацоўніцтва з духоўна-­асветніцкім цэнтрам епархіі дазваляе нам плённа працаваць з бацькамі навучэнцаў, якія наведваюць цэнтр, — падагульняе Святлана Севярын. — Яны жывуць быццам адной сям’ёй. У нашай гімназіі наогул такая камерная атмасфера, быццам усе мы дома, усе веда­юць адно аднаго, нягледзячы на тое, што ў нас вучыцца каля тысячы дзяцей. Такая атмасфера складваецца гадамі, яе нельга прыдумаць, нельга адміністратыўна навязаць і стварыць. Яе можна толькі сфарміраваць і развіваць.

Па матэрыялах партала nastgaz.by