Беларускую батлейку адраджаюць у сярэдняй школе № 35 Бабруйска імя П.І.Батава

Народныя традыцыі ва ўстанове гарманічна спалучаюць з сучаснымі тэхналогіямі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— З’яўленне адпаведнага аб’яднання па інтарэсах стала вынікам рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў праз сродкі драматызацыі, — паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алеся Карзубава. — Ідэю аб стварэнні батлейкі дзеці ўспрынялі з энтузіязмам. Хлопцам і дзяўчатам было цікава ў рэальнасці дакрануцца да старадаўняга тэатральнага мастацтва.

Гурток “Батлейка” функцыянуе ў школе на працягу ўжо амаль трох гадоў. За гэты час агульнымі намаганнямі педагогаў, вучняў і іх бацькоў быў створаны багаты мастацкі рэквізіт. Напрыклад, лялек тут робяць з гліны. Стварэнне кожнага персанажа пачынаецца з дэталёвага абмеркавання вобраза, пасля чаго ідзе непасрэдная работа з матэрыялам.

— Дзякуючы метадычнай падтрымцы педагога дадатковай адукацыі Вольгі Лавіцкай, лепім з гліны дэталі будучага героя, — расказала Алеся Іванаўна. — Гэты працэс доўгі, творчы і карпатлівы: нарыхтоўкі павінны высахнуць, пасля чаго афарбоўваем іх і збіраем у адзіны манекен. Апошнім этапам становіцца пашыў касцюмаў, якім займаюся самастойна. Дарэчы, у канструкцыі нашых лялек ёсць эксклюзіўная фішка — паваротная галава. Гэты аспект надае персанажам асаблівую выразнасць і дынаміку на сцэне. Візуальны фон для пастановак дапамагае ствараць настаўніца выяўленчага мастацтва Наталля Бабкова. А калі патрабуецца мініяцюрная мэбля ці іншыя спецыфічныя атрыбуты, на дапамогу заўсёды прыходзяць бацькі вучняў.

Неверагодна ганарыцца Алеся Карзубава ўнікальнай тэатральнай скрыняй. Яе таксама выраблялі калектыўна пасля дасканалага вывучэння гістарычных матэрыялаў.

— Неабходныя чарцяжы распрацавала сама, натхніўшыся ўзорам знакамітай слуцкай скрыні, — патлумачыла Алеся Іванаўна. — Над увасабленнем малюнкаў у жыццё працавалі камандай аднадумцаў. Нягледзячы на захаванне гістарычных канонаў, скрыня атрымалася сучаснай: мы ўманціравалі ў яе святлодыёдныя стужкі для атмасфернай падсветкі і аўтаномныя бесправадныя дынамікі для гукавога суправаджэння пастановак. Да музычнага фону падыходзім вельмі ўважліва, у падборы патрэбных мелодый дапамагае настаўніца музыкі Алена Паздноўская.

У выбары рэпертуару — упор на творы, якія закранаюць значныя маральна-этычныя тэмы.

— Пастаянна ставім евангельскія прытчы, беларускія народныя казкі. Яшчэ ладзілі спектаклі па апавяданнях Якуба Коласа “Купальскія светлячкі”, Леаніда Панцялеева “Слова гонару” і Мікалая Носава “Фантазёры”. Для пошуку сцэнарыяў выкарыстоўваю літаратурныя першакрыніцы і прафесійныя зборнікі, — адзначыла Алеся Карзубава.

Па яе словах, заняткі ў гуртку аказваюць значны выхаваўчы ўплыў на навучэнцаў. Працуючы над пастаноўкай, дзеці глыбока пражываюць пачуцці сваіх герояў, развіваюць у сабе дабрыню, спагадлівасць, праўдзівасць, шчырасць.

— Батлейка выдатна фарміруе і пачуццё патрыятызму, — заўважыла Алеся Іванаўна. — Вучні ганарацца спадчынай продкаў, ведаюць этапы станаўлення тэатра лялек на Беларусі і адчуваюць сябе сапраўднымі захавальнікамі нацыянальнай культуры. Да таго ж удзел у спектаклях выдатна пашырае ў дзяцей слоўнікавы запас на роднай мове.

Навучэнцы школы ўжо тройчы выходзілі ў пераможцы гарадскога конкурсу беларускамоўных тэатраў.

— У планах — далейшае развіццё гуртка: пашырэнне рэпертуару, павелічэнне колькасці лялек, — падкрэсліла Алеся Карзубава. — Плануем таксама тэхнічна мадэрнізаваць скрыню: аснасцім канструкцыю знутры спецыяльнымі гібкімі люстэркамі. Гэта дазволіць юным акцёрам бачыць дзеянні персанажаў на сцэне падчас выступленняў і выведзе пастаноўкі на больш высокі мастацкі ўзровень.