Святары могуць атрымаць педагагічную спецыяльнасць у Акадэміі адукацыі. Такая перападрыхтоўка вядзецца ўпершыню

Перападрыхтоўка святароў па спецыяльнасці “Педагагічная дзейнасць спецыялістаў” з выдачай дыплома дзяржаўнага ўзору ўпершыню вядзецца на базе Акадэміі адукацыі. Перападрыхтоўку праходзяць 16 святароў з розных рэгіёнаў краіны. У слухачоў абавязкова павінна быць вышэйшая свецкая адукацыя. Навучанне арганізавана ў дыстанцыйнай форме на пазабюджэтнай аснове.

Надоечы адбыўся круглы стол з удзелам Мітрапаліта Веніяміна і протаіерэя Фёдара Поўнага, які быў арганізаваны Рэспубліканскім рэсурсным цэнтрам па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў Акадэміі адукацыі.

— Нядаўна падпісана чарговая Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2026—2030 гады, якой прадугледжаны ўдзел святароў у адукацыйных мерапрыемствах: размовы з навучэнцамі і іх бацькамі, выступленні перад педагагічнай грамадскасцю і іншыя формы ўзаемадзеяння, — адзначыла галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Галіна Нікалаенка. — Мітрапаліт выказаў падзяку Міністэрству адукацыі і нашай установе за магчымасць атрымання святарамі педагагічнай спецыяльнасці, агучыў думку аб важнасці набыцця імі ведаў у галіне педагогікі і псіхалогіі, узроставых асаблівас­цей дзяцей і моладзі. Перапад­рыхтоўка дазволіць слухачам у поўнай меры ўсвядоміць задачы, якія дзяржава ставіць перад сістэмай адукацыі. Нашы слухачы ма­юць пэўны вопыт узаемадзеяння з навучэнцамі і выхаванцамі, а таксама з іх бацькамі, супрацоўнічаюць з установамі адукацыі або ма­юць намер працаваць у іх. Магу адзначыць іх высокую дысцыплінаванасць, уважлі­васць і адкры­тасць. Яны задаюць пытанні, праяўляюць цікавасць да сучасных тэхналогій навучання і выхавання, у тым ліку лічбавых і сеткавых інструментаў. Гэта ўнікальны вопыт для нашай краіны, які дазволіць спалучыць духоўныя каштоўнасці з магчымасцямі сучаснай адукацыйнай прасторы. Галоўная мэта нашай дзейнасці — дабрабыт і здароўе дзяцей — як духоўнае, так і фізічнае. Усе духоўныя ісціны і маральныя каштоўнасці, пра якія будуць гаварыць святары з маладым пакаленнем, могуць быць пачуты і ўспрыняты толькі ў атмасферы ўзаемаразумення і даверу.

Адукацыйны працэс у рамках перападрыхтоўкі слухачоў курыруе кафедра педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі адукацыі.

— Навучанне будуецца на аснове зацверджанага міністэрствам адукацыйнага стандарту “Педагагічная дзейнасць спецыялістаў”, дзе вызначаны пералік дысцыплін, колькасць гадзін і патрабаванні да кампетэнцый будучых педагогаў, — расказала загадчыца кафедры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Інеса Бразгунова. — Адукацыйны стандарт уключае дзяржаўны кампанент, дзе разглядаюцца ідэалагічныя і нарматыўныя прававыя асновы прафесійнай дзейнасці, модуль “Педагогіка” з дысцыплінамі па дыдактыцы, выхаваўчай рабоце і адукацыйных тэхналогіях, модуль “Агульнапрафесійныя асновы педагагічнай дзейнасці”, які ўключае інфармацыйныя тэхналогіі, інклюзіўную практыку, культуру маўлення педагога, а таксама модуль “Псіхалагічныя асновы педагагічнай дзейнасці”.

Паколькі адукацыйны працэс спалучае анлайн-узаема­дзеянне і зносіны ў адкладзеным рэжыме ў дыстанцыйным фармаце, супрацоўнікі кафедры распрацавалі электронны вучэбны курс: матэрыялы па кожнай дысцыпліне, заданні для самастойнай работы, тэсты і форумы для абмеркаванняў.

Тэрміны навучання — з лістапада 2025 года па май 2027-га, яно будзе ўключаць каля тысячы вучэбных гадзін, большая частка з якіх прадугледжвае самастойную работу. Больш за 300 гадзін прыпадзе на вэбінары. Працэс арганізаваны ў чатыры этапы, па выніках якіх слухачы выканаюць рэфераты, кантрольныя работы, здадуць залікі і экзамены, у тым ліку дзяржаўны выніковы экзамен, якія пройдзе ў вочнай форме.

— У перападрыхтоўцы за­дзейнічана каля 15 выкладчыкаў з розных кафедраў, — працягнула Інеса Віктараўна. — Я вяду дысцыпліны “Асновы кіравання інтэлектуальнай уласнасцю” і “Метадалогія псіхолага-педагагічнага даследавання”.

У рамках вывучэння дысцыпліны “Выхаваўчая работа ва ўстанове адукацыі” плануецца пад­рабязна расказаць пра факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.

Спецыялісты Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні Акадэміі адукацыі — кіраўнік Вольга Валер’еўна Кузьміч, метадыст Сяргей Генадзьевіч Малочнікаў і навуковы кіраўнік Галіна Іванаўна Нікалаенка — таксама плануюць весці заняткі ў святароў: асвятляць аспекты, звязаныя са спецыфікай духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання ў школе, формы супрацоўніц­тва ўстаноў адукацыі з царквой, практыку вядзення адпаведнага факультатыву і работу рэсурсных цэнтраў на базе ўстаноў адукацыі.

Аляксей Навуменка — іерэй, кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Магілёўскай епархіі, ключар кафедральнага сабора Праабражэння Гасподняга (Магілёў):

— Па першай адукацыі я інжынер. Скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя электрапрывады”. Яшчэ падчас вучобы чытаў не толькі тэхнічную літаратуру, але і паглыбляўся ў духоўныя веды, пытанні псіхалогіі, філасофіі, веры. Навучанне працягнуў завочна ў Віцебскай духоўнай семінарыі, затым у Маскоўскай духоўнай акадэміі. Цяпер разам з групай святароў атрымліваю педагагічную адукацыю. Гэта дазволіць мне больш дасведчана будаваць камунікацыю з дзецьмі і іх бацькамі, знаходзіць да іх правільны падыход, патрэбныя словы. Акрамя таго, дзякуючы дыплому педагога я змагу весці факультатыў па асновах духоўна-маральнай культуры і патрыятызму. Такія прапановы мне паступаюць ад дырэктараў школ. Паколькі на гэты кірунак шукаюць не проста настаўніка, а таго, хто разбіраецца ў пытаннях веры і традыцый народа.

Як святар, я пастаянна падтрымліваю зносіны з навучэнцамі, іх мамамі і татамі: у нядзельнай школе пры храме, падчас размоў перад хрышчэннем, калі ў храм прыязджаюць з экскурсіямі, а таксама на бацькоўскіх сходах і пазакласных мерапрыемствах ва ўстановах адукацыі. За нашым саборам іх замацавана некалькі. Асаблівую ўвагу я ўдзяляю Магілёўскаму спецвучылішчу закрытага тыпу, дзе вучацца падлеткі, якія ўчынілі правапарушэнні. Працую з нядобранадзейнымі сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Падлеткам, якія ў пэўны момант сталі на няправільны шлях, трэба паказаць, што існуе іншы, светлы бок жыцця, дзе ёсць месца дабру, любові і міласэрнасці. Лепш гэта зрабіць на асабістым прыкладзе.

Тут мне ўспамінаюцца школьныя гады: любімымі прадметамі станавіліся тыя, дзе настаўнік праяўляў любоў і павагу да дзяцей. Такімі былі мая настаўніца матэматыкі з сярэдняй школы № 43 Магілёва Ларыса Міхайлаўна Вараб’ёва і выкладчык па матэматыцы ва ўніверсітэце Ілья Іванавіч Макавецкі. І наадварот, калі педагог халодны або высакамерны, у вучняў часта знікае цікавасць да яго прадмета.

У Акадэміі адукацыі, дзе я зараз вучуся, працуюць сапраўдныя прафесіяналы з велізарным вопытам, высокай кваліфікацыяй. Рэдка дзе можна адразу сустрэць столькі першакласных спецыялістаў, прафесараў, дацэнтаў. Кожны выкладчык акадэміі — сапраўдная скарбніца ведаў. Заняткі арганізаваны наступным чынам: на адным тыдні з панядзелка па пятніцу праходзіць па тры-чатыры пары, другі тыдзень адводзіцца на самападрыхтоўку. Пакуль вывучаем больш агульных прадметаў, напрыклад ахову працы, ідэалогію беларускай дзяржавы, асновы псіхалогіі. Акрамя лекцый, ёсць электронныя матэрыялы і спісы літаратуры для самастойнага вывучэння. Наперадзе залікі і экзамены. А далей — новыя магчымасці для выкладання, рэалізацыі праектаў і абмеркавання з дзецьмі, падлеткамі і іх бацькамі хвалюючых тэм.

Моладзь сёння цікавіць прымяненне штучнага інтэлекту. Важна гаварыць, што гэта перш за ўсё памочнік, інструмент для работы, якім трэба правільна карыстацца. Калі не сфармуляваць ШІ дакладныя запыты, ён можа выдаць павярхоўны, некарэктны вынік, сказіць рэчаіснасць — павесці чалавека ў няправільным кірунку. ШІ пакуль далёкі ад таго, каб на яго спадзявацца ў сур’ёзных пытаннях, тым больш духоўных. Паскорыць выкананне руціннай работы, правесці просты аналіз, пераказаць тэкст і вылучыць асноўныя паняцці або параўнаць паказчыкі ў фінансавай справаздачы — з гэтым ШІ спраўляецца нядрэнна. Але замяніць педагога, псіхолага або святара ён не зможа, паколькі не здольны ўкласці ў гэтую дзейнасць душу, асабісты вопыт. Новыя тэхналогіі ствараюцца для палягчэння жыцця, але часта прыводзяць да таго, што мы яшчэ больш паглыбляемся ў віртуальны свет і ўсё менш часу застаецца на жывыя зносіны, сям’ю. Параіць дарослым і дзецям можна толькі адно: адкласці гаджэты і ўдзяліць увагу сумеснай карыснай творчай справе, здольнай захапіць і аб’яднаць.

Па матэрыялах «Настаўніцкай газеты»