Людміла Сауліч: «Праваслаўныя каштоўнасці — рэальны фактар выхавання па-сапраўднаму маральнага пакалення»

Дзе яна, тая загадкавая крыніца, якая сілкуе нашу чалавечнасць: любоў, дабрыню, спагаду, чуласць? У пошуку адказу на гэтае пытанне ў Падсвільскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза П.М.Казлова Глыбоцкага раёна звярнуліся да вывучэння праваслаўнай культуры. 

З пазіцый максімальнай увагі

Па словах дырэктара ўстановы адукацыі Людмілы Сауліч, маральнае выхаванне навучэнцаў, фарміраванне ў іх каштоўнасных арыенціраў і норм паводзін заўсёды было адной з прыярытэтных задач школы. Але работа ў гэтым кірунку істотна актывізавалася ў 2010 годзе па выніках дыягностыкі ўзроўню маральнай выхаванасці навучэнцаў 3—4 класаў. Высветлілася, что паводзіны большасці дзяцей рэгуляваліся ў асноўным патрабаваннямі старэйшых. І толькі 23 працэнтам вучняў былі ўласцівы самастойнасць і ўнутранае ­непрыманне парушэнняў маральных правіл.

Ёсць заканамернасць і ў тым, што педкалектыў школы прыйшоў да высновы ўдзяліць асаб­лівую ўвагу ў працэсе маральнага выхавання вучняў менавіта праваслаўнай культуры, якая ў поўнай меры ўключае ў сябе агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці. І, што важна, захоўвае іх у першапачатковым выглядзе, не дазваляючы адвольнай інтэрпрэтацыі ў розных сацыяльных умовах.

— Кіраўнік нашай краіны неаднаразова падкрэсліваў, што асновай духоўна-маральнага развіцця беларускага грамадства з’яўляюцца праваслаўныя каштоўнасці, — адзначае Людміла Іванаўна. — І хто, як не нас­таўнік, можа і павінен прытрымлівацца гэтай устаноўкі ў сваёй дзейнасці?

Выхаваўчы патэнцыял

Для больш эфектыўнага ажыццяўлення работы па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў у 2018 годзе быў створаны кабінет праваслаўнай культуры пад кіраўніцтвам Людмілы Іванаўны Cауліч. Ён выконвае ролю культурна-асветніцкага цэнтра, у якім сабраны інфармацыйныя матэрыялы для правядзення сумесных канферэнцый, круглых сталоў, сустрэч з удзелам педагогаў, бацькоў і святароў.

Назапашаны распрацоўкі для правядзення факультатыўных заняткаў, гутарак, гульняў духоўна-маральнага зместу, гадзін духоўнасці, свят, тэатралізаваных паказаў, канцэртаў, праглядаў відэафільмаў і слайд-прэзентацый, кіналекторыяў, экскурсій да святынь раёна, тэматычных вечароў, выстаў і конкурсаў.

У 2010 годзе для навучэнцаў 1—11 класаў быў арганізаваны факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”. У апошнія тры гады вывучаецца факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Дарэчы, другі і трэці дапаможнікі па гэтым курсе падрыхтаваны з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі рэлігій. На думку Людмілы Іванаўны, выдатнай падмогай у выкладанні новага факультатыву сталі цікавыя і займальныя вучэбныя выданні, распрацаваныя з улікам сучасных інфармацыйных тэхналогій. З дапамогай QR-кодаў можна эфектыўна прымяняць візуалізацыю, што даз­валяе абудзіць у дзяцей эмоцыі, пачуцці для таго, каб данесці ім духоўныя асновы.

— Узбагачаем і выхаваўчы патэнцыял урокаў па вучэбных прадметах праз уключэнне ў іх змест пытанняў і творчых заданняў духоўна-маральнага характару, — заўважае Людміла Сауліч. — Напрацоўваем вопыт правядзення інтэграваных заняткаў духоўна-маральнага зместу на аснове праваслаўнай культуры і сродкамі праваслаўнага краязнаўства. Навучэнцы займаюцца пошукавай, даследчай работай, распрацоўваюць і праводзяць шматлікія экскурсіі. Напрыклад, даследчая работа “Уплыў праваслаўя на светапогляд жыхароў падсвільскага краю” (дыплом II ступені на абласным конкурсе вучнёўскіх даследаванняў) стала асновай экскурсійнага маршруту “Праваслаўныя святыні Падсвільскага краю”. Краязнаўчыя заняткі ў форме вандровак, відэападарожжаў па праваслаўных святынях Глыбоччыны выклікаюць вялікую зацікаўленасць у дзяцей і іх бацькоў.

Вялікая роля ў духоўна-маральным выхаванні належыць школьнаму бібліятэкару.

— Асноўная мэта маёй дзейнасці — прывіць дзецям ціка­васць да чытання кніг, — расказвае Наталля Васільеўна Гуйда. — Знаём­ства з праваслаўнай кнігай як крыніцай мудрасці і скарбніцай духоўнасці пачынаецца з “Азбукі праваслаўнай культуры”. Сярод эфектыўных форм работы — агляды кніг, чытанні-абмеркаванні, гутаркі, віктарыны (“Біблейскія крылатыя словы”, “Знаўца кнігі”, “Падарожжа па прытчах”), сустрэчы са святарамі Глыбоцкага благачыння, слайд-прэзентацыі і віртуальныя экскурсіі, конкурсы чытальнікаў праваслаўнай паэзіі.

Настаўнікі школы з’яўляюцца ўдзельнікамі Тураўскіх, Свята-Еўфрасіннеўскіх педагагічных чытанняў, дзе абмяркоўваюцца пытанні выхавання дзяцей і падлеткаў.

Духоўная скарбніца

Між іншым у навукова-педагагічных даследаваннях вучоныя заўсёды звярталі ўвагу на станаўленне каштоўнасна-сэнсавай сферы чалавека, што заканамерна выводзіла іх на праблемы духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат багаслоўя, протаіерэй Фёдар Поўны падкрэсліў, што духоўнасць — вынік выхавання духу.

Фёдар Поўны: Паглядзіце, знешняе жыццё чалавека — гэта суцэльнае выхаванне: добрых манер, карысных звычак, дысцыпліны. Гэтак жа і ў жыцці духу. Важна выхаванне! Яно ніколі не даецца без барацьбы над сваім слабасцямі, без намагання над сабой. Таму духоўнасць — гэта ў большай меры вынік выхавання духу.

Сапраўды, умацаваць дух, не адарвацца ад сваіх каранёў моладзь можа, толькі апіраючыся на традыцыі, гісторыка-культурную і духоўную спадчыну.

— Праваслаўныя каштоўнасці — рэальны фактар выхавання па-сапраўднаму маральнага пакалення, — упэўнена Людміла Сауліч. — Як казаў В.А.Сухамлінскі, асаблівая сфера выхаваўчай работы — засцярога дзяцей, падлеткаў, юнацтва ад адной з самых вялікіх бед — пустаты душы, бездухоўнасці. Сапраўдны чалавек пачынаецца там, дзе ёсць святыні душы.

Варта адзначыць, што выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа, якое ажыццяўляецца ў школе на працягу 14 гадоў, дае свае вынікі. Дыягностыка паказвае высокі ўзровень выхаванасці навучэнцаў, якія дэманструюць добразычлівасць у міжасобасных адносінах, перавагу ў іх станоўчых якасцей: спагадлівасці, стараннасці, цярпення, дружалюбнасці, добрасардэчнасці, адказнасці, добрасумленнасці. За апошнія 10 гадоў сярод вучняў школы не было правапарушэнняў і злачынстваў.

Праваслаўная культура — наша духоўная скарбніца. А сёння ва ўмовах значных змяненняў у сацыякультурнай сферы, якія вядуць да змянення менталітэту грамадства і асобы, трансфармацыі каштоўнасных арыенціраў не толькі ў падрастаючага, але і ў старэйшага пакалення, праваслаўныя каштоўнасці — трывалы падмурак маралі і ідэалогіі.

Сіла ўзаемадзеяння

Педагагічны калектыў школы вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю супрацоўніцтва з Падсвільскай царквой Георгія Перамаганосца. Больш як 15 гадоў протаіерэй настаяцель храма Вячаслаў (Пяшко) сумесна з класнымі кіраўнікамі прымае ўдзел у выхаваўчых мерапрыемствах, скіраваных на дасведчанасць дзяцей у пытаннях духоўнага развіцця. Перавага аддаецца гутаркам, дыспутам і дыскусіям, падчас якіх школьнікі разважаюць аб сумленнасці, чалавечай годнасці, сціпласці, культуры выказ­вання пачуццяў, праяўленню павагі і клопату пра блізкіх і старэйшае пакаленне. Абмяркоўваюцца тэмы адказнасці, працавітасці, удзячнасці, мужнасці, надзейнасці, абавязку. Важнымі этапамі ва ўсведамленні навучэнцамі засвоеных духоўных каштоўнасцей з’яўляюцца сацыяльна значныя справы, валанцёрства.

На агульнашкольных бацькоўскіх сходах айцец Вячаслаў заўсёды бярэ слова і ўзнімае актуальныя тэмы для дыялогу. У першую чаргу ён акцэнтуе ўвагу мам і татаў на традыцыях праваслаўнага выхавання, адказных адносінах да шлюбу і сям’і, вельмі даступна адказвае на хвалюючыя пытанні сваіх суразмоўнікаў. Ва ўстанове сістэматычна праводзяцца розныя мерапрыемствы, святочныя акцыі духоўна-маральнай скіраванасці з удзелам школьнікаў і іх законных прадстаўнікоў. Бацькі разам з дзецьмі ўдзельнічаюць у шматлікіх творчых конкурсах, выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэат­ралізаваных паказах, падрыхтаваных сумесна з навучэнцамі і настаўнікамі нядзельнай школы.

Людміла Іванаўна падкрэслівае, што педагогі не змешваюць духоўна-маральнае выхаванне з рэлігійным:

— Мы разглядаем этычны аспект праваслаўя, фарміруем у школьнікаў духоўна-маральныя ўстаноўкі, заснаваныя на агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцях.

Па матэрыялах партала nastgaz.by