Удзельнікамі II Міжнародных Філарэтаўскіх чытанняў сталі каля сотні чалавек. Адна з секцый маштабнага форуму была прысвечана педагагічнаму вопыту. Свае распрацоўкі прадставілі настаўнікі Гродзенскай вобласці і Мінска.
Міжнародны конкурс творчых і даследчых работ у гродзенскай гімназіі № 10, якая другі год носіць імя ўладыкі, праводзіцца сумесна з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.
— Мы павінны адказна выбіраць сабе прыклад для пераймання. Такім прыкладам тут, у 10-й гімназіі, з’яўляецца мітрапаліт Філарэт. Чалавек усебакова адукаваны, чалавек з адкрытым сэрцам. Яго імя вядома як у нас у краіне, так і за яе межамі. Важна, што нашы дзеці, гледзячы на шлях мітрапаліта, на яго работы, выбудоўваюць сваё жыццё па прынцыпах, якія пакінуў нам уладыка, — адзначыў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.
Тэматыка работ удзельнікаў чытанняў самая шырокая. Канкурсанты вывучалі пропаведзі мітрапаліта, яго работы ў сферы адраджэння Беларускай Праваслаўнай Царквы, разглядалі хрысціянскія святыні Гродзенскага краю і займаліся праваслаўным краязнаўствам.
Гімназію з Гродзенскай епархіяй звязвае цеснае і шматгадовае супрацоўніцтва. Ва ўстанове адукацыі праходзіць гарадская навукова-практычная канферэнцыя “Гарадніца”. З 2020 года гімназія стала пляцоўкай для правядзення абласных адкрытых навукова-педагагічных Каложскіх чытанняў. А з 2022 года тут створаны і паспяхова функцыянуе рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні “Беларусь. Лёс. Айчына”. З мінулага года такое ўзаемадзеянне дапоўніла яшчэ і правядзенне Міжнародных Філарэтаўскіх чытанняў.
Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Ярома, сёлета па выніках конкурсу ў гімназіі выдадуць зборнік на аснове лепшых прадстаўленых работ, у тым ліку метадычныя распрацоўкі настаўнікаў. Плануюць акумуляваць педагагічны вопыт і на сайце гімназіі. Гэта не толькі распрацоўкі пазакласных выхаваўчых мерапрыемстваў, але і магчымасць выкарыстання багатай ідэйнай спадчыны мітрапаліта ў выглядзе цытат, напрыклад, на ўроках рускай мовы.
— Проста расказваць дзецям, што такое дабро і зло, як любіць Беларусь, сёння недастаткова. Значна больш эфектыўна гэта рабіць, абапіраючыся на прыклад асобы мітрапаліта Філарэта. У маім выпадку — чалавека, якога ведала асабіста, на богаслужэннях якога прысутнічала са сваёй сям’ёй, — падзялілася настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 86 Мінска імя Фамы Занько Марыя Папко.
Распрацоўка ўрока педагога актуальная для вучняў 9—11-х класаў, але можа выкарыстоўвацца ў тым ліку ў 7-х і 8-х. Тэма работы гучыць як “Бяззлучнікавы складаны сказ, ці Дарога да храма”. На прыкладзе выбраных настаўніцай цытат мітрапаліта Філарэта такі ўрок прапануе дзецям узгадаць не проста правілы сінтаксісу, але і паглыбіцца ў тыя сэнсы, якія ўкладаў мітрапаліт у свае словы. Адначасова школьнікі знаёмяцца і з асобай уладыкі. Апрабавала метадычную распрацоўку педагог год назад падчас правядзення ўрока ў незнаёмым класе на конкурсе “Настаўнік года — 2023”. І ўжо тады вынік паказаў, што асоба ўладыкі і такі падыход у адукацыі знаходзяць водгук у сэрцах дзяцей.
Сама ж настаўніца, як і амаль сто іншых удзельнікаў ІІ Міжнародных Філарэтаўскіх чытанняў, назвала конкурс добрым вопытам зносін і карыснага ўзаемадзеяння. Сімвалічным момантам яго завяршэння стаў агульны здымак на фоне ўстаноўленага ў пачатку мая помніка мітрапаліту Філарэту (Вахрамееву) на Архіерэйскім падворку ў Гродне.
Па матэрыялах партала nastgaz.by