Навучэнцы сталічных каледжаў падчас сустрэч са святарамі разглядаюць тэму духоўных каштоўнасцей

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы ўпершыню прайшлі духоўна-асветніцкія мерапрыемствы з удзелам святароў Беларускай Праваслаўнай Царквы. 

Сустрэчы адбыліся ў рамках гарадскога праекта «Дыялгі з бацькамі: сям’я, выхаванне, грамадства», каардынацыю якога ажыццяўляюць клірык прыхода храма-помніка ў гонар Усіх Святых іерэй Мікалай Поўны, адказны за ўзаемадзеянне БПЦ з установамі адукацыі сталічнага рэгіёна, і начальнік упраўлення каардынацыі метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы МГІРА Ніна Захожая.

Па словах Н. Захожай, дыялогавыя пляцоўкі праходзяць па тэме «Традыцыйныя каштоўнасці: духоўна-маральны аспект». Разглядаюцца пытанні захавання гісторыі і культуры нашай краіны, фарміравання асноў духоўна-маральнага выхавання, грамадзянскасці і патрыятызму, сямейных каштоўнасцей. Новы напрамак выхаваўчай работы рэалізуюць сумесна камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, установы прафесійнай адукацыі і свяшчэннаслужыцелі.

Так, у Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі абмяркоўвалі тэму «Духоўныя каштоўнасці ў культуры сучаснай моладзі». У размове прыняў удзел святар храма Успення Прасвятой Багародзіцы іерэй Адрыян Латушка. Увага прысутных была сканцэнтравана на асновах, на якіх будуецца жыццё кожнага маладога чалавека: гэта сям’я, узаемаадносіны з людзьмі, асэнсаванне сваёй ролі ў грамадстве, значнасць прафесійнага станаўлення. У Мінскім дзяржаўным каледжы кулінарыі з навучэнцамі сустрэўся намеснік старшыні Сінадальнага аддзела БПЦ па справах моладзі, кіраўнік выхаваўча-адукацыйнага цэнтра «Фрэскі» іерэй Міхаіл Стрэха. Праз мастацкія вобразы, пранікнёна, з душой ён даносіў да моладзі важнасць фарміравання ў характары такіх рыс, як міласэрнасць, дабрыня, спагада. У Мінскім дзяржаўным каледжы мантажных тэхналогій і транспартнай лагістыкі настаяцель прыхода храма Раства Іаана Прадцечы протаіерэй Фёдар Жалянгоўскі гаварыў на тэмы сямейных каштоўнасцей і пошуку жыццёвага шляху ў сучасным свеце.

Дыялогавыя пляцоўкі выклікалі жывы інтарэс у юнакоў і дзяўчат і ператварыліся ў адкрытую, шчырую размову з прадстаўнікамі царквы. Навучэнцы актыўна ўключаліся ў дыялог, расказвалі свае гісторыі, прасілі парады, выказвалі меркаванні. Такія сустрэчы будуць працягнуты ў іншых установах прафесійнай адукацыі.

Па матэрыялах партала nastgaz.by