На базе Дараўскай сярэдняй школы, што ў Ляхавіцкім раёне, з 2020 года паспяхова працуе ўнікальны раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні.
Моцны корань. Манастырскі
Чаму такое ўзнікла менавіта ў Дараве? Часам, каб зразумець якую-небудзь з’яву, трэба заглянуць у яе перадгісторыю. Капнуць да каранёў. Шукаючы такую нітачку, пасля камандзіроўкі я ўслухоўваўся ў дыктафонныя запісы і звярнуўся да гісторыі паселішча, яго школы. А што традыцыі асветніцтва там спалучаны з мясцовым праваслаўным прыходам, расказваў настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Дараве іерэй Іаан Ніканчук — адзін з тых, дзякуючы каму рэсурсны цэнтр паспяхова дзейнічае.
Знойдзеныя звесткі пра тутэйшыя хрысціянскія храмы сведчаць, што была ўзведзена дараўская царква ў 1550 годзе памешчыкам Юрагам, называлася манастырская Свята-Троіцкая царква.
“Відавочна, ёсць тут падказка і пра больш старажытнае існаванне Свята-Траецкага манастыра, як і аднайменнага храма ў Дараве, — разважае айцец Іаан. — Была непадалёк могілкавая каплічка ў імя Свяціцеля Мікалая — і цяпер ёсць ужо царква, і прыход наш па ёй названы”.
Свята-Троіцкую царкву ў 1865 годзе разабралі “з прычыны састарэласці”, а ў 1867-м узвялі новую. Яе настаяцелем быў Іаан Міткевіч.
“Служыў тут да рэвалюцыі ажно 52 гады і пахаваны за алтаром дараўскай царквы: я паказваю магілу школьнікам, — працягвае суразмоўнік. — І чаму паказваю? Бо менавіта гэты чалавек у 1862 годзе заснаваў Дараўскую школу: летась яна адзначала 160-годдзе. Больш за 30 гадоў айцец Іаан быў і настаўнікам: выкладаў Закон Божы. У яго асабістай справе шмат узнагародных лістоў, па лініі Міністэрства адукацыі ў тым ліку. Ён у прыходзе заснаваў 4 школы: 3 царкоўнапрыходскія і школу граматыкі ў Лабузах. Вось дзе карані рэсурснага цэнтра! Яшчэ ж і ў манастырскіх сценах закладзены былі асновы хрысціянскай адукацыі. Вядома, быў час, калі пра Бога, рэлігіі, веру ў школах не гаварылі, больш за тое — з Богам “змагаліся”, ваявалі. Але ж прыйшла пара, як кажуць, збіраць камяні. Цяпер ёсць магчымасць гаварыць з дзецьмі пра духоўнасць, маральнасць, і мінулы вопыт у такой справе нам у дапамогу”.
Асабістая зацікаўленасць
Якія б ні былі спрыяльныя перадумовы, але менавіта праз канкрэтных людзей (згадаем добрым словам Іаана Міткевіча) робяцца справы. Бо, як сцвярджаецца ў мудрых кнігах, вера без спраў — мёртвая. Дык вось, у рэсурсны цэнтр я трапіў па рэкамендацыі і ў суправаджэнні якраз чалавека справы, сацыяльна актыўнай Вольгі Бурак. Яшчэ ў мінулым навучальным годзе яна, дырэктар Жарабковіцкай школы, адпраўляла на вучобу ў Дарава сваіх вучняў, а цяпер узначальвае аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама: “Як утварыўся ў раёне рэсурсны цэнтр, то нам прапанавалі раз на месяц падвозіць сюды вучняў 5—10 класаў — хто пажадае. Спачатку даводзілася іх угаворваць паехаць. Мы прыглядаліся: чаму ж там, у Дараве, дзетак вучаць? А ў хуткім часе вучні сталі самі сюды прасіцца: тут атмасфера душэўная, на занятках цікава, і ў алімпіядах, якія ў цэнтры да Раства Хрыстова ладзяцца, школьнікі нашы паспяхова ўдзельнічаюць: атрымліваюць дыпломы”.
Пра работу цэнтра нам расказвалі дырэктар школы Таццяна Жучэня (на фота справа) і яе намеснік па вучэбнай рабоце Святлана Бірукова (на фота злева). Якраз Святлана Сяргееўна і пачала развіваць у школе новы, па сутнасці, кірунак дзейнасці — духоўна-маральнае выхаванне. Яна з мясцовых, з Малога Падлесся (там і стаяць дараўскія цэрквы), выкладае англійскую мову.
“Калі Таццяна Іванаўна прыйшла працаваць дырэктарам, то ўжо ўсё тут рухалася, і ў многім дзякуючы Святлане Сяргееўне, — удакладніў пазней айцец Іаан. — Яе дзяды-прадзеды Пашкі былі прыхаджанамі нашай царквы, бацькі таксама. Яны з мужам у храме венчаныя, іх дзеці таксама, яны ўнука свайго тут хрысцілі. Гэта я да таго, каб вы разумелі, чаму ў праваслаўных традыцыях мне лёгка з ёй працаваць: з паўслова разумеем адно аднаго, яна з дзяцінства ў храм ходзіць, у гэтым жыве”.
Далучаць выхаванцаў да хрысціянскіх традыцый Святлана Бірукова пачынала ў класе, дзе была класным кіраўніком. З часам прайшла, двойчы ўжо, і адпаведныя курсы. Святар Андрэй Абрамовіч, з якім папрацавала нядоўга, наведваўся ў школу, ён і прапанаваў ладзіць для школьнікаў заняткі: “Нам ідэя была блізкая, і мой 5 клас найбольш актыўна падключыўся: дарэчы, у ім усе былі праваслаўныя. Цяпер тым дзеткам за 20… Помню, на той час яшчэ ўзгаднялі “наверсе” кожны прыход святара ў школу: практыкі ж не было. І ўжо айца Іаана, якога прызначылі на дараўскі прыход у 2011 годзе, на класныя гадзіны часам запрашалі ці то на сустрэчу з бацькамі. З часам працаваць стала значна прасцей. Нагадаю, што ў 2003 годзе з благаславення мітрапаліта Філарэта было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой”.
Першая субота месяца
Рэсурсны цэнтр на поўную моц працуе з 2020 года ў кожную першую суботу месяца: па праекце шостага школьнага дня.
“Гэта, па сутнасці, унікальны праект, скіраваны як на грамадзянска-патрыятычнае, так і на духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў, — удакладняе Таццяна Іванаўна. — Прычым, як сказала Вольга Іванаўна, даязджаюць да нас і дзеці з 4 школ раёна, дзе ў вёсках няма праваслаўных храмаў: усяго займаецца па 40 і больш вучняў. Дзецям такое падабаецца, бацькі вітаюць пачынанне. Будзем яго далей развіваць, а каму цікава — гатовы дзяліцца вопытам. Дарэчы, летась, калі святкавалася 10-годдзе асвячэння новага будынка Свята-Троіцкай царквы, наш цэнтр наведаў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій. Мы расказвалі, як наладжана работа, пра перспектывы і некаторыя вынікі заняткаў з дзецьмі. Епіскап Георгій падзякаваў за нашу дзейнасць, пажадаў Божага благаславення ў далейшай асвеце школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. І ўзнагародзіў нашу Святлану Сяргееўну, якая кіруе раённым рэсурсным цэнтрам, граматай Патрыяршага Экзарха Мітрапаліта Веньяміна”.
Згадаем пра некаторыя асаблівасці Дарава і ваколіц. Паштовым адрасам Дараўскай школы значыцца… вёска Літва (блізка стаяць паселішчы, амаль зрасліся). Цэркваў там дзве (Свята-Мікалаеўская і Свята-Троіцкая), і абедзве дараўскія, хоць стаяць бліжэй да Малога Падлесся. Ну а праваслаўны прыход — царквы Святога Мікалая Цудатворца. Увогуле ж цудам лічыць можна, што ў пякельным агні Першай сусветнай вайны (а якраз па рэчцы Шчары ў тых месцах у 1915 годзе і праходзіла лінія фронту) ацалела хоць нешта. У інтэрнэце чытаем: “Деревня оказалась почти полностью стертой с лица земли”. Тады ж і Свята-Троіцкі храм згарэў дашчэнту, а каплічка Мікалаеўская ацалела, і яе ў 1922 годзе перабудавалі ў могілкавую царкву. Ёсць там і каталіцкая парафія, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — пры дарозе з Ляхавіч на Баранавічы. Але ў Дараўскай школе, вядома ж, ніякага падзелу вучняў па іх прыналежнасці да розных канфесій няма.
“Праводзім заняткі па асновах духоўна-маральнай культуры, патрыятызму ў адпаведнасці з зацверджанымі праграмамі, — расказвае Святлана Бірукова. — Пры гэтым выкарыстоўваем самыя розныя матэрыялы і працуем з рознымі дзецьмі. Але ж акцэнтуем увагу, што вывучаем праваслаўныя традыцыі, прычым у параўнанні з іншымі канфесіямі. Калі, напрыклад, расказваю пра гісторыю, традыцыі святкавання Раства Хрыстова, то дзяцей з каталіцкіх сем’яў прашу расказваць пра іх традыцыі: як у іх адзначаюць гэтае вялікае свята”.
Куды павядзе навігатар
Па вялікім рахунку, ад таго, у якім светапоглядзе з маленства мы ўмацоўваемся, выхоўваемся, залежыць і наш далейшы лёс. Пра гэта мы ўсе разам разважалі ў рэсурсным цэнтры пад смачны пірог з чаем. Дарэчы, там прыжылася традыцыя чаяванняў з бутэрбродамі, пячэннем, зефірам ці проста падаюць батон з мёдам — а мёд у сімволіцы Бібліі якраз і ёсць пачатак вучэння…
Так што для тых вучняў, хто сюды прыязджае, накрываюць сталы ў школьнай сталовай. Безумоўна, такія салодкія моманты спрыяюць добраму, хрысціянскаму настрою творчай талакі. Бо, аказваецца, у цэнтры не толькі слухаюць, а і заданні выконваюць, пастаноўкі робяць, вершы чытаюць, відэафільмы глядзяць, алімпіяды праводзяць… І ў футбол ці валейбол разам з айцом Іаанам гуляюць, а таксама і з яго сынам Іванам, дараўскім сямікласнікам. Пры тым, разважалі мы, бывае так важна дарослым своечасова зрабіць правільныя акцэнты, сказаць патрэбныя словы, падбадзёрыць і падахвоціць, і разам з дзецьмі, талакой зрабіць добрыя справы. Гэта, напэўна, запускае ў душах юных шукальнікаў сваёй жыццёвай дарогі нейкі важны… навігатар — возьмем слова з функцый гаджэтаў. І навігатар той, гэта значыць погляд унутр сябе, самапазнанне, ці то павядзе іх да святла, да ўсведамлення таго, як і што ў гэтым свеце ўладкавана, ці то завядзе ў бязмэтнае блуканне па крывых сцежках, а то і ў бесперспектыўны тупік.
А перспектывы жыцця, як ні дзіўна, перакрывае наглуха нам і такое знакамітае выказванне аднаго з класікаў: “Жыццё ёсць спосаб існавання бялковых цел, істотным момантам якога з’яўляецца пастаянны абмен рэчываў з навакольнай іх знешняй прыродай, прычым са спыненнем гэтага абмену рэчываў спыняецца і жыццё, што прыводзіць да раскладання бялку”. Паводле такой логікі, расклаўся бялок — і каюк. Няма жыцця? І ў такім грубаматэрыялістычным светапоглядзе, вядома ж, не знойдзецца месца ні веры ў нейкія іншыя, небялковыя формы жыцця, ні ў Бога, пра якога ў Евангеллі чытаем: “Бог жа не ёсць Бог мёртвых, але жывых, бо ў Яго ўсе жывыя”. А што тады ёсць смерць? І як тады ўвогуле паверыць у вучэнне Ісуса Хрыста, яго Уваскрашэнне, у жыццё вечнае ці ў тое, што “не ўсе мы памром, але ўсе зменімся”?
Ужо з такіх разваг і пытанняў зразумела, наколькі няпростую місію ўзялі на сябе тыя, хто працуе з дзецьмі ў рэсурсным цэнтры. Зрэшты, паўторым для паслядоўнікаў, што ўваходзіла ў нязвычную для сябе справу Святлана Бірукова паступова. Яе факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры” з часам пашырыўся да “Асноў духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, плюс яшчэ курсы ў Брэсце — у абласным інстытуце развіцця адукацыі. Ды і айцец Іаан заўсёды прыходзіць на дапамогу, бывае і на занятках у цэнтры.
Пасеянае — ці прарасце?
Карціны, іконы, кнігі… Вось на стале цэлая серыя кніг “Зярняткі”. “Калі чытаем з іх павучальныя гісторыі, то гэта займае час, — заўважае Святлана Сяргееўна. — Бо і свае думкі наконт прачытанага дзеці выказваюць. Увогуле, скіроўваю выхаванцаў на тое, каб вучыліся і сімволіку разумець, і ў прыпавесцях прыхаваны змест прачытваць. А зярняткі ж можна разумець як сімвал пачатку. Мы сеем нешта добрае — і яно, маю надзею, будзе расці ў душах юных”. У дадатак да таго мы разважаем, што ў Бібліі слова “хлеб” — сімвал усякага слова, якое сыходзіць з вуснаў Божых. Ну а камяні — догма, мёртвы закон, фарысейства ў процівагу жывому вучэнню.
Вядома ж, зярняткі пасеяныя — першааснова духоўных ведаў, хрысціянскага вучэння — не ўсе трапляюць на падрыхтаваную глебу. І тым педагогам, хто ў будучыні пойдзе гэтым шляхам, варта разумець: не ў кожнай душы можа сапраўдная вера ўмацавацца. Святлана Сяргееўна прызнаецца: “Мы сеем — і часам са слязамі на вачах бачым, як няпроста і не ўсюды зернейкі прыжываюцца… Ды што зробіш: гэта ж не тое насенне, што паліў пад акенцам у агародчыку — і яно праз паўгода плод альбо кветку табе дасць”.
Сапраўды, не ўсё так хутка прарастае, як хацелася, прадоўжыла развагу Таццяна Жучэня: “І нельга сказаць, што наша школа сёння — эталон, скажам, па прафілактыцы правапарушэнняў. Але ў нас няма сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы. Да таго ж ніхто з дзяцей не знаходзіцца на якіх-небудзь відах уліку. Вельмі нам дапамагае ў рабоце з сем’ямі, асабліва з бацькамі, айцец Іаан. Мы спецыяльна, бывае, некаторыя пытанні выносім на бацькоўскія сходы і яго запрашаем: каб ён паразважаў над імі, даў параду. І да яго прыслухоўваюцца, яго чуюць”. Да таго ж прысутнасць святара, бывае, дапамагае і тады, калі даводзіцца разрульваць побытавыя сітуацыі з дзецьмі. Гэта прыўносіць своеасаблівы настрой на давер, на шчырую і сумленную размову.
Што да работы цэнтра ў далейшым, то дырэктар школы глядзіць у будучыню з аптымізмам: “Яшчэ калі ў першы год мы завяршалі заняткі, збіраліся ўсе на канікулы, то дзеці пыталіся: “Таццяна Іванаўна, у наступным годзе заняткі будуць? Нам яшчэ можна будзе прыехаць?” І нам гэта як найлепшая пахвала — усім, хто такой справай займаецца”.
Пасляслоўе
Шмат цікавых дэталей, метадычных знаходак у рабоце гэтага раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні пакідаю па-за межамі тэкста. Імі, відаць, можна запоўніць не адну газетную паласу. Але ж на гэты раз важным было акрэсліць тое, як не выпадкова і гарманічна ўсё ў Дараве сышлося: гісторыя, традыцыі, акалічнасці, людзі. Школа і царква, настаўнікі і святары знайшлі паразуменне, адладзілі стваральнае супрацоўніцтва на карысць не толькі вучняў і бацькоў з Ляхавіцкага раёна — грамадства нашага і нашай будучыні.
Заканчваю нататкі з надзеяй расказаць яшчэ больш падрабязна пра цікавы вопыт работы са школай, школьнікамі айца Іаана Ніканчука: светлага і энергічнага маладога святара родам з Палесся, удумлівага, з добрым пачуццём гумару, глыбока ў гісторыі абазнанага і смела скіраванага ў будучыню.
Па матэрыялах сайта nastgaz.by